Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тут затрымлівалі швэдаў. З 1701 году аж да 1709 году Карл «увяз в Польше» і на Беларусі. Зноў руйнаваліся гарады і вёскі, зноў Беларусь была тэрыторыяй вайны. Расія карыстае са слабасьці Рэчы Паспалітай і ўмешваецца на грунце папярэдніх трактатаў у хатняе жыцьцё аслабелага суседа. Вядома, што, па запатрабаваньні Пятра, Аўгуст II ў 1720 годзе выдаў грамату, каторая забясьпечвала правы праваслаўнай беларускай епархіі. Па сьмерці Аўгуста II рускія войскі прыходзілі на Беларусь і Польшчу, каб пасадзіць на каралеўскую пасаду яго сына Аўгуста III (1733-1764). Гаспадарства ў часы яго кіраваньня перажывае хатнюю анархію, будуючы сабе труну. Кароль, ня маючы моцы спыніць бязладзьдзе, жыве ў сваёй бацькаўшчыне, Саксоніі, толькі часамі наяжджаючы ў Варшаву. Рэлігійны ўціск на Беларусі праваслаўных і протэстантаў прымусіў іх шукаць абароны свайго права за межамі Рэчы Паспалітай. Беларускі праваслаўны архіепіскап Ягоры Коніскі, езьдзіўшы ў Расію на каранацыю Кацярыны II, зьвярнуўся да яе з просьбаю аб абароне праваслаўнага насяленьня ў Рэчы Паспалітай. Тое самае рабілі прадстаўнікі польскіх протэстантаў у заходніх нямецкіх дзяржавах — Аўстрыі і Прусіі. Паступова падгатаўляўся той грунт, апіраючыся на каторы адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай у часы апошняга яе караля Станіслава Панятоўскага, які караляваў пад імем Аўгуста IV (1764-1795).

КАНЕЦ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Каля паловы XVIII сталецьця Рэч Паспалітая перажывала стан поўнага развалу. Уся політычная ўлада ў дзяржаве была ў руках шляхты, каторая карыстала з свае політыка-соцыяльнай «залатой» вольнасьці толькі ў сваіх клясавых інтарэсах. Другія станы гаспадарства і нават кароль ня мелі ніякіх праў. Усё права было ў шляхты. Дашло да таго, што шляхта мела права складаць у гаспадарстве ваенныя саюзы для абароны сваіх клясавых інтарэсаў і праў (так званыя конфэдэрацыі) і законна падымаць бунт проціў караля (рокош), калі ён парушаў шляхецкія правы. Кароль не заставаўся ў даўгу ў шляхты. Каб абараніць сябе, польскі кароль павінен быў шукаць апоры пры чужаземных дварох, і чужаземныя дзяржавы атрымалі поўную магчымасьць умешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.