Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У пачатку законадаўчым шляхам пераходы мужыкоў з месца на месца толькі абмяжоўваюцца, а потым і зусім забараняюцца. Тады хлопы, бачачы, што другога выхаду няма, пачынаюць бяз усякага закону, проста, па-мужыцку, уцякаць з панскай зямлі. Сойм з свайго боку пачынае разьвіваць законадаўства ў гэтым кірунку і змагаецца з уцёкамі мужыкоў. За ўцёкі назначаюцца штрафы, пабоі і зварот мужыкоў на старое месца. Гэтыя штрафы і другія кары ўсё растуць і растуць, бо мужыкі ўсё ўцякаюць і ўцякаюць. Возьмем для прыкладу рост штрафаў: у канцы XVII сталецьця за зроблены ўцёк мужык плаціў штрафу 10 грывень, а ў 30-я гады XVII сталецьця ўжо 500 грывень; за палавіну сталецьця, такім спосабам, штраф быў павялічан соймам у 50 раз.

Потым сойм пастараўся адабраць у хлопа магчымасьць змагацца з шляхціцам у судзе. Было ўхвалена, што мужык мае права выступаць у судзе як жалабнік толькі тады, калі быў у судзе прысутным яго пан. Разумеецца, што ў цяжбе проці свайго пана мужык ніколі ня мог стаць у судзе, бо пану ня было ніякага сэнсу быць прысутным у судзе. Праз нейкі час сойм ухваліў пастанову аб тым, што мужыку зусім забараняецца скардзіцца ў судзе на шляхціца. На гэтым справа спынілася, бо йсьці далей шляхецкаму соймаваму законадаўству ўжо ня было куды.

Адабраўшы соймавымі законнымі пастановамі ў мужыка ўсякую магчымасць абараняцца, шляхта пачала бязупынную эксплёатацыю папаўшага ў яе рукі сялянства. Мужык зрабіўся для яе рабочаю жывёлаю, якая павінна працаваць і якую можна і трэба стрыгчы.

Найперш усяго ён плаціць вялікі чынш[1] за тую зямлю, каторую пан пазволіў яму ўзяць для яго ўласнай дробнай гаспадаркі. Мужык, апроч таго, павінен працаваць дарма на панскай зямлі і для гэтай мэты адбываць паншчыну, якая пачынаецца з некалькіх дзён у тыдзень. Потым яна ўсё расьце і расьце. Мужыку ўсё менш і менш застаецца часу для сваёй гаспадаркі. Некаторыя паны пакідалі мужыку для яго ўласнай працы толькі сьвята. Разам з чыншам і паншчынаю мужык павінен быў спаўняць розныя натуральныя павіннасьці: ён дастаўляў у панскі двор усялякія продукты, патрэбныя пану і яго дворным, напрыклад хлеб, мяса, грыбы, ягады, лыка і г. д.; ён нясе са сваёю ўбогаю

  1. Чынш (гіст.). — у феадальнай Еўропе — рэгулярныя натуральныя і грашовыя плацяжы зямельнаму ўласніку за карыстанне зямлёй. На Беларусі і Літве ў 15-19 стст. — грашовы аброк.