Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

боку. Згубіць шляхецтва можна па суду і за няпрыстойныя для шляхціца паступкі. Такімі паступкамі лічыліся, напрыклад, заняцьце гандлем і прыняцьце ў род простага чалавека.

Атрымваць свае правы шляхта пачала яшчэ з канца XIV сталецьця. З разьвітку шляхэцкіх прывілеяў мы бачым, што для атрыманьня іх шляхта карысталася з двух фактаў жыцьця Польшчы: з свайго права абіраць караля і зацьвярджаць налогі. Абіраючы караля і зацьвярджаючы ў сойме налогі, шляхта ніколі не забывала сваіх клясавых інтарэсаў. Правы яе былі вялікія.

Шляхта, найперш усяго, — кіруючы стан гаспадарства. Шляхціцы і толькі шляхціцы даюць паслоў на сойм і на соймікі. Шляхта абірае караля пагалоўна (viritim); кожны шляхціц можа спадзявацца быць абраным за караля. Вышэйшыя ўрадавыя пасады займаюць толькі шляхціцы. Таксама стаяла справа і з духоўнымі пасадамі: пасаду прэлата, напрыклад, мог заняць толькі шляхціц.

Рымскі папа асобнаю буллаю забясьпечыў за шляхтаю гэтае права. Толькі шляхціц мае і грамадзянскае права: свабоду сходаў, свабоду слова, незачэпнасць асобы, памяшканьня і маемасьці. Толькі шляхціц можа мець земскі маёнтак з прыпісанымі да яго сялянамі. Што датычыць мяшчан, то яны могуць уладаць зямлёю толькі ў межах гарадоў. Усе землі шляхты свабодны ад дзяржаўных налогаў і павіннасьцяй. Наогул, усе фінансавыя абавязкі шляхты ў адносінах да гаспадарства былі толькі добравольныя і залежалі ад згоды самой шляхты! I трэба зазначыць, што шляхта на ўсім працягу гісторыі Польшчы добра паказала гэтую сваю «добрую волю» ў абавязках да дзяржавы, каторая ніколі ня бачыла, праўду кажучы, шляхецкіх ахвяр. Праўда, на шляхце даволі доўга ляжаў абавязак «паспалітага рушэньня», пагалоўнай службы ў апалчэньні, але і гэтыя апалчэньні ззываліся зусім ня часта. Апроч таго, гэты абавязак даваў шляхце права быць аружным станам і даваў магчымасьць зьбірацца заружжам у руках ня толькі на абарону дзяржавы, але і на абарону сваіх шляхецкіх праў, калі на іх насядаў кароль.

Былі ў шляхты і ўсялякія дробныя вольнасьці. Шляхціц быў зусім свабодны ад прымежных мытных пошлін. Толькі шляхта мела права курыць сьпірт і адчыняць шынкі, мець млыны, кузьні і г. д. Адным сло-