рыўся на гэтыя дзесяць год у рэспубліку. Ён разглядае таксама ўплыў хрысціянства на асвету і развіццё Полацкай зямлі, ролю ў гэтым княжны Прадславы-Еўфрасінні, а таксама ролю Кірылы Тураўскага ў Тураве і Кліманта Смаляціча ў Смаленску.
Другі перыяд гісторыі Беларусі, які вызначыў Ус. М. Ігнатоўскі, гэта XIII—XVI ст., калі Беларусь і Літва ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Аўтар называе гэтую дзяржаву Літоўска-Беларускай дзяржавай. Ён падкрэслівае: «Мэндаўг збудаваў гаспадарства, каторае з самага пачатку было ня проста літоўскім, а літоўска-беларускім. Літоўскі гаспдр добра разумеў, што аперціся ў сваёй будоўлі толькі на адных літвінаў ён ня можа. Племя літвінаў было невялікае, апроч таго, у ім ня было культурнай мовы. …І трэба зазначыць, што Полацкая Русь пэўна дала новаму гаспадарству свае парадкі, установы і культуру» (с. 73). Вельмі падрабязна разглядаўся Ігнатоўскім гэты перыяд у гісторыі Беларусі, бо ён быў добра распрацаваны дарэвалюцыйнымі гісторыкамі. Ус. М. Ігнатоўскі слушна падкрэсліў, што ў гэтай Літоўска-Беларускай дзяржаве «абедзьве нацыі жылі ў згодзе. У дзяржаве пануе шырокая верацярплівасьць» (с. 81). Ён таксама зазначыў, што «літвіны пачалі браць у беларусаў іх культуру, мову і нават веру. Так, напрыклад, вядома, што ў кацы XIV сталецьця больш як 50 літвінскіх мясцовых князёў трымаліся ўсходня-хрысьціянскай веры, бо яна мела ў сабе больш культурных элементаў, як паганская вера…» (с. 81). З гэтых сваіх назіранняў аўтар робіць выснову: «Такая еднасьць і згода паміж літоўскім і рускім элементамі дзяржавы залежала ад таго, што Літоўска-Беларускае гаспадарства было збудавана больш шляхам згоды, чымся шляхам уціску і вайны» (с. 81). Гэтыя палажэнні аўтара былі абвергнуты ў 40—50-х гадах, і доўга яшчэ ў навуковых працах і падручніках хадзіў міф пра нібыта заваёву беларускіх зямель літоўскімі захопнікамі. Толькі ў 70-х гадах частка гісторыкаў вымушана была на падставе фактаў вярнуцца да палажэнняў Ус. М. Ігнатоўскага ў гэтым пытанні.
Шмат увагі ўдзяліў Ігнатоўскі барацьбе беларускіх і літоўскіх воінаў супраць крыжакоў і адносінам Літоўска-Беларускага гаспадарства з Польшчай і Масквою. Ён лічыць, што дзяржаўны саюз (унія) паміж Польшчай і Літоўска-Беларускім гаспадарствам быў заключаны не ў 1385, а ў 1386 г. на з'ездзе ў Ваўкавыску, а ў Крэве ў 1385 г. былі толькі нарада і пагадненне з польскімі пасламі. Але ён заўважае, што унія з Польшчай «была зроблена больш на паперы, чым у жыцьці» (с. 90). Калі ў 40—50-х гадах беларускія савецкія гісторыкі лічылі, што унія 1385 г. у Крэве адразу ж несла з сабой падпарадкаванне Вялікага княства Літоўскага Польшчы (згодна