Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гаспадарства продкамі Ягелонаў, а таксама на тое, што беларуская шляхта гэтых зямель выразна цягнула да Польшчы, прасілі апошняга Ягелона падараваць гэтыя землі Польскай кароне. Зыгмунд так і зрабіў. Даведаўшыся аб гэткай крыўдзе, магнацкая частка паслоў Літвы і Беларусі зноў зьявілася ў Люблін. Яна энэргічна протэставала проці таго, што было зроблена, кажучы, што гаспадар ня мае права прылучаць да польскай тэрыторыі землі, каторыя ад веку ўходзяць у склад Літвы і Беларусі. Палякі не адступаліся ад зробленай імі крыўды. Яны бачылі, што Літва і Беларусь знаходзяцца ў такіх цяжкіх умовах, што ў іх няма магчымасьці аружжам бараніць свае правы, што Літва і Беларусь прымушаны будуць згадзіцца і на такую вунію. Справа ў тым, што Літоўска-Беларускаму гаспадарству на ўсходзе пагражала Масква, на поўдні пагражалі татары і туркі. Зразумела, і Польшча стала-бы ворагам, калі-б з ёю ня было зроблена вуніі. Апроч таго, Польшча бачыла, што беларускія і літоўскія паслы раскалоліся на магнацкую і шляхецкую групы, з каторых апошняя стаяла за ўтварэньне вуніі з Польшчаю.

Калі беларускія паслы-магнаты пераканаліся, што іх справа пройграна, яны пашлі на згоду. Днеўнік Люблінскага сойму апісвае, што паслы-магнаты Хадкевіч, Радзівіл і др. малілі палякаў і свайго апошняга гаспадара з роду Ягелавага, каб яны не рабілі крыўды іх гаспадарству, не паніжалі яго і не адрэзвалі ад яго векавечных яго зямель. Яны з плачам кінуліся на калені перад Зыгмундам, просячы яго ня губіць гаспадарства і не аддаваць яго ў «ляскую няволю». Але кароль і палякі ня выказалі спагады. Іх імпэрыялістычныя апэтыты не маглі не скарыстаць таго цяжкага палажэньня, у якім знаходзілася Літоўска-Беларускае гаспадарства. Зыгмунд загадаў літоўска-беларускім дэпутатам бяз лішніх размоў і прамоў прыняць вунію і прысягнуць Польшчы. Гэтая прысяга на вунію і адбылася 1-га ліпеня 1569 году.

Па Люблінскай вуніі Літва і Беларусь злучаюцца з Польшчай у адно цэлае, у адзін дзяржаўны організм. Новая непадзельная дзяржава называецца Рэч Паспалітая, іначай кажучы — Рэспубліка. Два злучаныя гаспадарствы маюць аднаго гаспадара, каторы носіць тытул «кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі». Абіраюць гаспадара народы абедзьвюх дзяржаў разам,