Старонка:Кароткая гісторыя Беларусі.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Беларускіе соціалістычные кніжкі ў Швэйцарыі і Англіі. У 80 гадах ужо ў большых гарадох, гдзе ёсьць унівэрсітэты, пачынаюць організавацца беларускіе студэнцкіе грамады, як, напрыклад, у Пецербурзе, Маскве, Харкове, Рызе. Маскоўскі гурток у 80 гадах выдаў нават кніжэчку „Сыгнал“, перэклад э расейскаго (Гаршына). У 90 гадах робяцца пробы стварыць популярную літэратуру для народа. Але запраўдны беларускі рух пачынаецца толькі з 1903—4 гадоў, калі якбы новы вецер павеяў над Расеей і навеваў любоў да народу, яго жыцьця, а ў беларусоў і да яго гісторыі, мовы. І вось спамеж беларусоў-студэнтоў у Пецербурзе спачатку адзінокіе людзі пачалі увіхацца, каб выдаваць газэтку. Газэты выдаваць легальна не было змог, дык выпускалі два разы на год „Калядную“ і „Велікодную пісанку“, каторая, хаця спраўдзі не магла здаволіць духоўных патрэб ані грамадзянства, ані маладзежы, але давала „кліч, што жыве Беларусь“, збірала каля сябе людзей, каторые спасобіліся да змаганьня за сваё незалежнае культурнае жыцьцё, будзіла міласьць да роднаго слова, роднаго, загнанаго народу. І калі ў 1905 гаду пазволено было выдаваць газэту, да работы прыступіла адразу грамада сьведомых людзей, каб змагацца за національную будучыну і національную культуру с цьвёрдай верай, што 8-мільённы беларускі народ прачнецца з векавечнаго сну і сам пойдзе за культурнай дабычай, сам збудуе сабе лепшую долю і не як загнаны пасынак, але як роўны і родны брат засядзе калісь у сямьі славянскай.