пынна аддаваў загады сваім тоненькім голасам. Натоўп павароў і паварат мітусіўся па кухні, ловячы кожнае яго слова. Якаў не шкадаваў ні сябе, ні другіх, каб дагадзіць свайму гаспадару.
Ужо два тыдні гасціў князь у герцага. Яны елі не менш чым па пяць разоў у дзень, і герцаг быў у захапленні. Ён бачыў, што яго гасцю падабаецца гатаванне карліка. На пятнаццаты дзень герцаг паклікаў Якава ў сталовую, паказаў яго князю і запытаў, ці здаволен князь майстэрствам яго повара.
— Ты вельмі добра гатуеш—сказаў князь карліку—і разумееш, што значыць добра ёсці. За ўвесь час, пакуль я тут, ты ні адной стравы не падаў на стол два разы, і ўсё было вельмі смачна. Але скажы мне: чаму ты да гэтага часу не пачаставаў нас Пірагом Каралевы? Гэта самы смачны пірог на свеце.
У карліка ўпала сэрца: ён ніколі не чуў аб такім пірагу? Але ён і выгляду не паказаў, што збянтэжан, і адказаў:
— О, пан, я спадзяваўся што вы яшчэ доўга прабудзеце ў нас, і хацеў пачаставаць вас гэтым пірагом на развітанне. Гэта-ж-кароль усіх пірагоў, як вы самі добра ведаеце.
— Ах, вось як! — сказаў герцаг і рассмяяўся. — Ты-ж і мяне ні разу не пачаставаў Пірагом Каралевы. Напэўна, ты спячэш яго ў дзень маёй смерці, каб апошні раз пабалаваць мяне. Але прыдумай на гэты выпадак якую-небудзь іншую страву! А Пірог Каралевы каб заўтра быў на стале! Чуеш?