Старонка:Каравайчык.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Так што «Спадчына» ня крок наперад, а паварот: тэматычны і фармальны. З боку тэматычнага гэты паварот характарызуецца меншым захапленьнем поэты адраджэнцкімі матывамі і апрацоўкаю тэмаў чыстага мастацтва; з боку фармальнага—прыметна большая мастацкая сьвядомасьць у карыстаньні вобразнасьцю, рытмікай, рыфмай, інструментоўкай гукаў і т. д. Мераючы на расійскую мерку, я-б сказаў, што ў «Спадчыне» вызначаецца паварот Купалы ад інтуіцыйнай, эмоцыанальнай напеўнасьці Бальмонта да сьвядома-мастацкай шліфоўкі вершаў Брусава. Гэта зусім не азначае, што раней Купала быў вучнем Бальмонта, а цяпер паступіў вучнем у школу Брусава. Не, сэнс ўпамінаньня тут Бальмонта й Брусава такі, што так, як расійская літаратура млада-беларусам лепш вядома, чым беларуская, то адно трапнае параўнаньне, узятае з яе, лепш асьветліць справу, чым доўгі артыкул.

Цяпер некалькі слоў аб надворным выглядзе кніжкі, прычым, сказанае будзе датычыць і другіх выданьняў «Адраджэньня». Вокладка просьценькая, бяз усякіх хітрыкаў, мусі дзеля таго, каб зрабіць кніжку больш таннай і даступнай. На другой старонцы вокладкі адбіт каталёг выдавецтва, тaк што першая старонка робіцца шурпатай і з прастаты становіцца кепствам.

На апошняй старонцы вокладкі кляймо фірмы з пралятарскай сымвалістыкай (серп і молат, рука з разарванымі кайданамі, факел) і надпісам «Пролетарыі ўсіх краёў злучайцеся!» „Беларускае Кооперацыйна-Выдавецкае Т-ва «Адраджэньне»“.

Баюся паказацца неблаганамераным, але мушу выступіць проціў такоra кляйма на культурна-асьветных кніжках. У Маскве гэтак ня робяць ужо нават на казённых выданьнях, апрача выданьняў агітацыйных і партыйных. Тут-жа, у правінцыі, гэтым займаецца «коопэр. выд. т-ва». Aлe гэта няхай сабе: правінцыя ўсюды благанамераней цэнтру. Справа вось у чым. Для нас, беларусоў, чыя бацькаўшчына разьдзелена паміх варожымі сабе дзяржавамі, важна, каб падтрымліваўся культурны зьвязак між гэтымі разарванымі часьцінамі краю, трэба, каб культурная кніжка, выданая па адзін бок мяжы, магла цыркуляваць і па другі бок мяжы. Тымчасам гэтае кляймо адразу робіць кніжку падазронай у вачох польскай дэфэнзывы і загараджвае ёй (кніжцы) дарогу к чытачу.

Што належыцца да зьмяшчаньня па два-тры вершы на адну старонку, то трэба памятаць, што цяпер няма каму траціцца на кніжку, выданую «як мае быць». А вось што да абмылак, якія тут пападаюцца (хоць і не ў такой меры, як на беларускіх савецкіх вывесках), то трэба было-б выганяць іх пры карэктуры і выпраўленьні карэктуры больш старанна

П. Любецкі


2. Якуб Колас. ВОДГУЛЬЛЕ. Беларуск. Коопэр.―Выдав. Т-ва «Адраджэньне». Менск 1922 г. стар. 107 +ІІІ. іn ⅛°.

У другіх старых літаратурах ёсьць правіла, што на адным поэце, як грыбы на пні, узрастаюць і кормяцца дваццаць крытыкаў. У нас зусім наадварот: на дваццаць поэтаў няма ніводнага крытыка. Зразумела, што справа так стаіць пакуль-што і з часам зьменінца, але ўсё роўна шкода, што няма каму навучыць нашу някемную неасьвечаную публіку шанаваць і цаніць тое, чаго яна зусім не прымячае. А з другога боку―шкода, што няма якога-небудзь сярдзітага крытыка, які бы час ад часу навальваўся на ўжо прызнаных поэтаў і перашкаджаў ім псаваць рэномэ сваей фірмы, выпускаць пад старым вядомым іменьнем гнілы, нядобры тавар. Калі-б у нас меўся хоць адзін такі крытык, то напэўна Коласаўскае «Водгульле» мела-бы іншы выгляд.

Чым зьяўляецца гэтае «Водгульле»? ― сьметнікам, на які бяз усякага па-