Старонка:З пушкі на Луну.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усе гэтыя выдаткі ледзь укладваліся ў папярэдні каштарыс у пяць мільёнаў далараў. К таму-ж, некаторыя стрэлы ў час федэральнай вайны каштавалі па тысячы далараў — зразумела, што стрэл старшыні Барбікена, які павінен быў стварыць эпоху ў гісторыі артылерыі, мог абыйсціся ў пяць тысяч разоў даражэй.

10 кастрычніка Пушачны клуб заключыў дагавор з Гольдспрынгскім заводам, што паблізу Н’ю-Йорка. Гэты завод у час вайны вырабляў вынаходніку буйных гармат, Пароту, лепшыя яго чыгунныя пушкі.

Згодна гэтага дагавора Гольдспрынгскі завод абавязваўся даставіць у Паўднёвую Фларыду, што паблізу горада Тампа, на месца, якое ўкажа камітэт Пушачнага клуба, усе матэрыялы і ўсё абсталяванне, неабходнае для адліўкі калумбіяды. Усе работы на будаўніцтве калумбіяды павінны быць закончаны не пазней 15 кастрычніка наступнага года; за кожны пратэрмінаваны дзень завод плаціў няўстойкі па 100 далараў за суткі да таго часу, пакуль Луна зноў не апыніцца ў тым-жа палажэнні адносна Зямлі, г. зн. на працягу восемнаццаці гадоў і адзінаццаці дзён. Набор рабочых, аплата іх працы і неабходныя для работ прыстасаванні таксама вытвараліся Таварыствам Гольдспрынгскага завода.

Гэты дагавор у двух экземплярах быў падпісаны Барбікенам, старшынёй Пушачнага клуба, і Дж. Мерчызонам, галоўным інжынерам і дырэктарам Гольдспрынгскага завода. Контрагенты ўзаемна засведчылі свае подпісы, і кожны ўзяў сабе па экземпляру гэтага выдатнага кантракта.