Старонка:З пушкі на Луну.pdf/316

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нага газу. Па-мойму, сябры мае, зусім нядрэнна было-б арганізаваць установу з кіслароднымі кабінетамі, дзе людзі са слабым арганізмам маглі-б некалькі гадзін пажыць жыццём, поўным энергіі і дзейнасці. Уявіце сабе, напрыклад, які-небудзь сход, дзе паветра было-б насычана гэтым кіслародам, або, дапусцім, тэатр, куды адміністрацыя ўпускала-б яго ў вялікай колькасці: які бы бы запал у душы актораў і гледачоў, колькі агню, колькі радасці! А калі-б не адзін сход, а цэлая нацыя прапіталася ім! Як закіпела-б там дзейнасць! Знясіленую нацыю можна было-б ператварыць у вялікую і сільную. Ведаеце, я думаю, што з мэтай палепшання здароўя некаторым дзяржавам нашай бабулі Еўропы вельмі карысна было-б ужыць кіслароднае лячэнне[1].

Мішэль разважаў пра ўсё гэта з такім натхненнем, нібы кран апарата быў яшчэ адкрыты. Але адна фраза Барбікена стрымала яго захапленне.

— Усё гэта вельмі прыемна, мілы Мішэль, — сказаў старшыня Пушачнага клуба, — але ці не растлумачыш ты нам, адкуль узяліся гэтыя куры, якія прынялі дзейны ўдзел у нашым канцэрце сваім кудахтаннем?

— Куры?!.

Сапраўды, поўтузіны курэй разам з велічным пеўнем расхаджвалі па снараду, штохвілінна ўзлятаючы і кудахтаючы на ўсё горла.

— Ах, нягодніцы! — ускрыкнуў Мішэль, — кісларод і на іх падзейнічаў.

  1. Гэта ідэя служыць сюжэтам аповесці Жуль Верна „Доктар Окс“.