Старонка:З пушкі на Луну.pdf/287

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нам заняць час? Сядзець, склаўшы рукі — нуда заесць!

Барбікен і Ніколь не ведалі, што адказваць, і адмоўна ківалі галовамі.

— Я, аднак, усё гэта прадбачыў, мілыя прыяцелі, — гаварыў далей Мішэль. — Вам варта толькі сказаць слова — і ўмомант з’явяцца на сцэну: шашкі, шахматы, карты, даміно! Вось хіба толькі більярда не будзе!

— Як, — засупярэчыў Барбікен, — няўжо ты забраў з сабою гэтую драбязу?

— А як-жа, — адказаў Мішэль, — і не толькі для нашых забаў, а каб забяспечыць імі лунныя рэстараны.

— Пахвальна, вельмі пахвальна, — сказаў Барбікен. — Толькі мне здаецца, што ты крыху спазніўся са сваімі паслугамі. Калі на Луне ёсць жыхары, то, без сумнення, яны з’явіліся на свет некалькі сотнямі тысяч гадоў раней, чым мы, бо і сама Луна пакрылася цвёрдай карою раней, чым наша планета. А калі гэтыя жыхары існуюць ужо сотні тысяч гадоў і мозг іх мае такую-ж самую будову, як наш, то яны ведаюць не толькі ўсё тое, што мы вынайшлі, але нават і тое, аб чым мы даведаемся толькі праз некалькі стагоддзяў. І бадай ці нам прыдзецца іх вучыць: хутчэй яны нас чаму-небудзь навучаць.

— Як? — засупярэчыў Мішэль, — ты думаеш, што ў іх былі ўжо такія мастакі, як Фідый, Мікель-Анджэло і Рафаэль?

— Вядома.

— І такія паэты, як Гомер, Віргілій, Мільтон, Ламартын і Гюго?

— Разумеецца.