Старонка:З пушкі на Луну.pdf/275

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усё складзена было на сваіх месцах, у верхніх кутках ядра.

Там зроблена было нешта накшталт палацей, якія закіданы былі горамі нейкіх прадметаў. Што іменна захоўвалася там у запаслівага француза, ён не гаварыў таварышам; яны маглі толькі бачыць, што час ад часу ён лазіў у гэты патаемнік па прымацаваных да сцяны прыступках і наводзіў там, здавалася, нейкі парадак. Ён нешта аглядаў, правяраў, перабіраў, адчыняў і зачыняў нейкія скрынкі, прычым спяваў даволі фальшыва даўнія французскія песенькі.

Барбікен быў вельмі заклапочаны тым, каб засцерагчы ад папсуцця ракеты. Гэтыя снарады, моцна зараджаныя, павінны былі аслабіць падзенне ядра, калі захопленае лунным прыцяжэннем, яно пачне падаць на паверхню Луны. Аднак, дзякуючы таму, што сіла луннага прыцяжэння ў шэсць разоў меншая, чым сіла зямнога прыцяжэння, падзенне на Луну павінна было быць у шэсць разоў павальнейшае, чым на Зямлю.

Закончыўшы праверку, падарожнікі зноў пачалі назіраць за прасторай у бакавыя і ў ніжнія вокны.

Від быў той-жа самы. Уся прастора нябеснай сферы была запоўнена сузор’ямі неапісальнай яркасці. Астраном мог-бы звар’яцець ад захаплення.

З аднаго боку ззяла Сонца. Дзённае свяціла з’яўлялася асляпляючым дыскам, як жэрла раскаленай печы, і рэзка вырысоўвалася на чорным фоне неба.

З другога боку блішчэла Луна. Яна вісела як-бы нерухома сярод цудоўнага зорнага свету.