Старонка:З пушкі на Луну.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

невялікім лікам спачуваючых асоб, напрыклад членамі Пушачнага клуба. Але аказалася, што лягчэй было-б запрудзіць Ніягарскі вадапад, — такая вялікая колькасць публікі патрабавала дапушчэння на абяцаны мітынг. Барбікену давялося адмовіцца ад свайго намеру.

Спачатку Барбікен меркаваў прызначыць сход у новым, толькі што пабудаваным будынку біржы; але гэты будынак, не гледзячы на велізарныя яго размеры, бадай не мог змясціць нават сотай часткі слухачоў.

Таму выбралі прасторны луг паблізу горада. Неабходна было зрабіць якія-небудзь навесы, каб ахаваць слухачоў ад праменняў гарачага сонца. Матэрыялы для гэтых навесаў — парусы, вяроўкі, рэйкі, запасныя мачты — ахвотна далі караблі, што стаялі ў порце, і на працягу некалькіх гадзін над высмаленай глебай быў пабудаваны велізарны тэнт, у цяньку якога ўдзельнікі мітынга маглі схавацца ад пякучых сонечных праменняў.

Пад гэтым велізарным навесам размясцілася трыста тысяч чалавек. Заняўшым першыя, лепшыя месцы давялося на працягу многіх гадзін зносіць страшэнную духату, чакаючы француза.

З гэтай масы гледачоў толькі першая трэць магла добра бачыць аратара і чуць яго прамову; другая трэць ужо горш бачыла і зусім не чула; урэшце, апошняя трэць нічога не бачыла і нічога не чула. Але гэта ані не перашкаджала і гэтай апошняй трэці апладыраваць і бурна ўхвальваць аратара, па прыкладу першых радоў. У абяцаную хвіліну, а трэцяй гадзіне дня, з’явіўся Мішэль Ардан у суправаджэнні галоўных членаў Пушачнага клуба. Ён ішоў у пары з Барбікенам, прадставіўшы яму сваю дзясніцу, і з ганаровым сакра-