Так, ня шмат засталося Піць мне з келіху дзён. Восень, як жменю калосься, Скосіць жыцьця майго сон.
Скосіць халодна, дазваньня, Ў сэрцы насьмешлівы зьдзек: Сумна тваё адцьвітаньне, Квеце зямлі, чалавек!
Вось згарэў да астатку Ў вогнішчы горкім жыцьця, — Ўсё-ж навакола — загадка, Чым пацешуся я?
Цёмна сьветабудова, Мгліста глуха са мной. Ня чуўшы сапраўднага слова, Польнай хілюся травой.