Перайсці да зместу

Старонка:З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гад утворанай Эдукацыйнай Каміссіі. У часы падзелаў і пасьля іх агульнае бязладзьдзе ў Польшчы адзначылася на экономічных справах камісіі, каторыя вельмі запуталіся і прыйшлі ў поўны заняпад. Маемасьць камісіі расьцягвалася як асобнымі магнатамі, так і некаторымі ўстановамі. У пачатку 19 сталецьця за справы камісіі ўзяўся Чацкі. Ён падаў проэкт, каб камісія была падзелена на дзьве камісіі для лепшага распарадкаваньня працы па тэрыторыі. Адна камісія была ўтворана для Ўкраіны (губэрні Кіеўская, Валынская і Падольская), а другая—для Літвы і Беларусі (губэрні Віленская, Горадзенская, Ковенская, Менская і Магілёўская). Раней Чацкі працаваў у тэй і другой камісіі і, трэба прызнацца, што працаваў з посьпехам: экономічныя справы камісій значна палепшыліся, фонды іх узрасьлі. Потым ён быў назначаны прэзыдэнтам украінскай камісіі, фонды каторай ён давёў да 2.350.000 польскіх злотых, што раўнялася 352.500 рублём.

Усе школы акругі, на які-б кошт яны ня ўтрымліваліся, былі перароблены на два тыпы: шасьцёхклясовыя па гусарскіх гарадох і трохкантовыя па павятовых гарадох. Некалькі шасьцёхклясовых школаў было адчынена новых. Школаў-прымітываў, для сялянства і рабочых, зусім ня было зарэгістравана. Было некалькі і жаноцкіх школаў, выключна пры манастырох. Толькі ў адзінкавых школах ува ўсходніх губэрнях магчыма было спаткацца з выкладоваю рускаю моваю, ува ўсіх астатніх школах мова выкладаньня была польская. У некаторых вуніяцкіх школах для лепшага зразуменьня карысталіся „простаю" беларускаю мовай. Што датыча да ўнівэрсытэту, то там выкладоваю моваю ў большасьці была латынская; некаторыя з прафэсараў ужо пачалі чытаць лекцыі ў польскай мове.

Само сабою зразумела, што пры такіх мовах павінна была йсьці і йшла канчатковая полёнізацыя беларускага шляхэцтва. Гаварыць аб масавай полёнізацыі працоўных масаў ня прыходзіцца, затым што школа была недаступна як для вясковага запрыгоненага сялянства, так і для гарадзкога рабочага.

Віленскі ўнівэрсытэт, шырока разьвінуўшы сваю працу, робіцца паступова культурным і політычным організацыйным асяродкам тагочасовай беларускай полёнізаванай інтэлігенцыі, каторая ў сваёй масе складаецца з сярэдняй і дробнай шляхты і розначынных элемэнтаў, каторыя ў сваю чаргу найчасьцей выходзяць з дробнай абяднелай шляхты. Пры ўнівэрсытэце ўтвараюцца культурныя і політычныя польскія організацыі моладзі. Тым ня менш, ня гледзячы на польскую сутнасьць студэнцкіх гурткоў, у іх яскрава вызначаецца мясцовы беларускі элемэнт.

Найраней утвараецца гурток „Шубраўцаў", каторы пасьля вельмі кароткага нелегальнага існаваньня легалізуецца рэктарам унівэрсытэту 11-га лютага 1817 году. Гурток настолькі моцна зарганізавауся, як ідэёва, так і экономічна, што здолеў выдаваць сваю часопісь пад назваю: „Брукавыя ведамасьці". Гурток мае добра апрацаваны статут. Сваёю мэтаю па статуту „Шубраўцы" ставяць пашырэньне сярод моладзі любові да навукі і асьветы. Кожны „Шубравец", апроч таго, павінен вясьці цьвярозае жыцьцё, быць працаздольным, выносьлівым, энэргічным і г. д., адным словам дабівацца і моральных мэтаў. Шлях, каторым яны прагнуцца дасягнуць сваіх мэтаў,—гэта сатыра, якая павінна рабіць уплыў ня толькі на сяброў гуртка, але і на моладзь наогул пры дапамозе „Брукавых ведамасьцяў". У гуртка ёсьць і свая пячатка: вянок з дубовых лісьцяў, у сярэдзіне каторага намалёваны скрыжаваныя мятла і лапата, якія павінны вымятаць і выкідаць усё благое з організацыі. Апроч піса-