Старонка:Зямля (1928).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Юзік пашоў. Юрка застаўся адзін. Ён усё глядзеў на свае ногі, чорныя і патрэсканыя.

Раніца рабілася позьняю. На вуліцы чуліся сьвяточныя гаворкі.

Юрка ўсё стаяў адзін. Пахла трава, і лісьцё, і сонца адчувалася ўсёю істотаю. Вострае было яно і поўніла душу радасьцю сьвятла і волі.

Юрка пашоў да плоту, узлёг грудзьмі на пералаз. Глядзеў у вулачку між гумён і платоў, усю аброслую зельлем і закіданую жаўцізною лісьця. Так глядзеў на ўсё, што было перад вачыма, і чуў наскрозь, навылёт, ад карэньняў да верхавін, ад пачаткаў і да канцоў. І вялікае кіпеньне поўніла ўсё: усё бачанае і нябачанае і разам з усім яго.

Каля рэчкі яны былі доўга. Адрослая і зноў зьбітая быдлам пакоша рачных берагоў весяліла, іх і яны забываліся на ўсё. Хадзілі паўз рэчку, кідалі ў яе чыстую ваду траву, пробавалі купацца ды вада была вельмі халоднаю. Нявыказаная воля, душы ўзбуджвалася прасторамі паплавоў і поля, густою жаўцізною пахучых кустоў. І ўсё пахла, востра і шырока. І ўсё калацілася нязвычайнай чуласьцю ў успрыйманьнях.

Крываносы Мікалай ішоў аднекуль з таго боку рэчкі.

— Дзе тут, хлопцы, кладка ёсьць?

— А дзе вы былі, дзядзька?

— У Чучаны хадзіў.

— Чаго?

— Трэба было... Ах, які ты цікавы.

— Тут няма нідзе кладкі.

Яны глядзелі, як Мікалай пераходзіў бродам рэчку, пасьля глядзелі яму ўсьлед, як ён ішоў, проста трымаючы свае пляскатыя плечы. Сонца, белаватае ад восені, шырыла далягляды. Зямля