Старонка:Зямля (1928).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дык я памог-бы. І грашыма і коньмі. Няхай-бы ішла... А Алесь — напэўна гэта ён на пасаг гоніцца. Ён ужо двое коняй у мяне ўгледзеў і жарабіцу трэцюю, а яй! Разявіў горла! Галетнік!

І злосьць на Алеся нямаведама чаго пачала апаноўваць яго. І пакуль ён нанасіў з-пад калодзезя цзбар вады, зусім ужо быў злосны на яго.

Разьвіднелася зусім, калі ён, управіўшыся, вышаў на вуліцу. Цяпер засталося толькі напаіць коні. Ён стаяў напроці свайго двара і глядзеў, як з коміна суседняе хаты паднімаўся дым, і ня ўзьняўшыся высока, ападаў уніз і слаўся па страсе. „Ці ня пойдзе дождж", — падумаў ён, жуючы саломіну і пакручваючы ў руцэ трухлявы відук, адарваны дзецьмі ад плоту. І раптам прыпомніў зноў, што пераплаціў Мікалаю за малацьбу сорак капеек. І тут ён ня мог змоўчаць:

— Ліха яго матары, падла крываносая... Пайду згаджу яшчэ на які тыдзень, няхай малоціць, а пры расплаце гэтыя сорак капеек я з яго вылічу.

І ён пашоў да Мацьвеевае хаты, дзе жыў цяпер Мікалай.

У хаце было цесна і брудна. Не падмецена пасьля ночы. На зямлі нацярушана была салома, дзьве курыцы грабліся ў ёй. Каля дзьвярэй застаўлена было кашамі і вёдрамі. Мацьвеіха абірала бульбу, седзячы на зямлі. Мацьвей стаяў над дзеравянаю скрынкаю, поўнаю старых чаравік, падэшваў і абрэзкаў з старых халяваў і выбіраў кавалкі, мусіць, на нейкія латкі. Дзеці сядзелі на печы, Мікалай на лаве — курыў і гойдаў нагамі.

— Дзяндобры ў хату, — сказаў Юлік Барановіч.

— Дзяндобры, — адказаў Мацьвей.

— Добра здароўе, — адказаў Мікалай.