Старонка:Зямля (1928).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яблыні нядобра, калі вельмі рана яблыкі пачынаюць расьці. Калі яблыня добра ўмацуецца, дык тады лепш, даўжэй радзіць будзе... У гаспадарцы добра як у каго яблыні ёсьць...

Маўчалі платы. Чарнелі стрэхі.

V

У меншай палавіне дому, ад двара, жыў поп. У большай, ад саду, быў сельсавет. Два пакоі былі асьвечаны вялікімі лямпамі. На падлозе насыпаны былі пілавіны, сталы былі пазаліваны атрамантам і голыя. У палітурованую шафу былі прыроблены грубыя дзьверы з дрэнна абгаблёваных дошчак. Вялізны замок адцягваў тонкі прабой, з двух драцяных, сагнутых цьвікоў.

У пустым, меншым пакоі дагарвала ў лямпе газа. У большым — хлопцы мазалі насьценную газэту. Вокны былі адчынены ў сад. Ліст паперы ляжаў на стале, удвух размалёўвалі яго. Вакол шчыльна панавісалі хлапячыя твары. Каля дому, у выгараджаным у садзе дварз, поўна было хлопцаў і дзяўчат. Юрка і Юзік уціснуліся між чужых локцяў да самага стала.

Чорны, як смоўж, Максімаў Петрык спрачаўся:

— А от я калі захачу, дык і яшчэ нап'юся. Ніхто мне не забароніць. Я сам за свой заработак. Я сам адзін усю гаспадарку ўпраўляю, ды каб яшчэ не пагуляць?

— То ты ня крычы тут.

— Я гавару.

Яго адазвалі ўбок, пасьля некалькі хлопцаў вышлі з ім у сад. Юзік і Юрка рушылі за імі. У садзе, узьлёгшы на плот, Петрык даводзіў: