Старонка:Зямля (1928).pdf/317

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бамі паклёпы ўзводзіў, зьняпраўджваў словы, хто што скажа. Гэтакая зараза была паршывая, гнілая. Тут, у чым крыўда была. У тым, што зьняпраўджана ўсё. Калі мы — я от дык парабак, з галавы за рэволюцыю. А ён гэтак нагаварыць здолеў, што яму і паверылі. Каб гэта праз гадоў два ці праз год пазьней, дык забралі-б, як міленькага. А тады — дык палкоўнік наш і глядзеў на нас коса. Пакуль пасьля сам ня ўбачыў, што ўсё гэта паклёп. А той усё выслугоўваўся ці халера яго ведае што. Яму і ня дорага была рэволюцыя, аб справе ён і ня думаў, але от брахаў. Дык мы таксама яго цокнулі. Ня ўсьпеў змыцца. І скончана дзела.

— І спакоен?

— Спакоен.

Зноў Мікалай адышоўся да дзьвярэй, з стружак на голы пол, і стаў закурваць. Уверсе, над дзьвярыма, праз шчыліну ўпала мяккая сьняжынка, раставала на гарачай Мікалаевай руцэ.

І от яны ўсе ўтрох сышлі са стружак на голы ток да дзьвярэй закурваць. Сабастыян адчыніў дзьверы, глянуў на ноч. Цемень была замест неба. Пасьля лямпы яшчэ цямнейшым здавалася ўсё. Толькі ў асьветленай лапіне прыметна было: сьнег падаў радзей, зьлепленымі камякамі ападаў з голых груш напроці варот, каля плоту.

— Гэта яшчэ, мусіць, твой дзед, Алесь, садзіў гэтыя грушы?

— Але, бацька расказваў.

— Я іх як і запамятаю, дык усё гэтакія-ж стаяць.

— Але.

— Сьнег Тамашу дарогу выбеліў.