яму. У чатырох бралі, пакуль яго, бывала, абложым. Я ўжо і калю спэцыяльна, а потым, ліха на яго, цяжка, пакуль яго ўкладзеш. Самае цяжкае — гэта аблажыць яго. Бывала, як пена ў яго з роту падаць пачне. Што-ж гэтакі зьяд зьвярына. Ня дай бог.
— Трэба адразу кідацца на яго.
— Ну, пэўна, што адразу, каб ня даць яму раз гэтае… расчомацца. Тады яго цяжэй браць. Раз, памятаю, калолі — я, Гальляш нябожчык і Мірон Грысюкевіч. Ды нейк не ўзялі яго адразу, дык ён на мяне вобцас калі кінецца, пераскочыў цераз мяне, ды на двор. Тады загналі мы яго ў куток, ды паленам па ілбе аглушылі. Тады адно адразу шылам — чок… І скончана музыка…
Мікалай заўважыў:
— Ну, гэтага няма чаго раўняць да якога-небудзь сяміпудовага.
Памаўчалі. Сабастыян павесялеў. Увайшла Сабастыяніха, Мацьвей падаўся ёй насустрач:
— Разьдзявайцеся, братавая, ды садзецеся з намі.
Сабастыяніха падсела да стала.
— Я вам, братавая, скажу, тут перад усімі… Горна мне…
Выпілі яшчэ па чарцы.
— Горна. От гэтага самага парасюка яшчэ нябожчыца карміла… Што я параджу… Нічога ня зробіш.
Сабастыяніха ўздыхнула:
— Добра кажаце, братка, нічога не прарадзіш.
Сабастыян падаў голас:
— Як той казаў, гэтак яно ідзецца чалавеку. Як-небудзь трэба жыць… Год за годам, дзеці падрастуць…
Сабастыяніха сказала: