Старонка:Зямля (1928).pdf/275

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

насьцю сьнегавога поля. Пашоў хутка і адчуваў, як усё больш і больш узьнімаецца ў ім бязьмежнае ўзбуджаньне.

V

— Дзе гэта быў, Алесь? У Чучанох?

— Але.

— Інтэрас які маеш?

— Але.

— Садзіся ў сані, што ты маеш блытацца па гэтым сьнезе.

Алесь сеў. Барановіч цішэй пусьціў каня. Ногі ў яго былі накрыты і ўкручаны кажухом.

— А я гэта ў Ніскавічах быў, там, казалі, чалавек ёсьць, што знае нейкае зельле ад раматусу. І так, калі ў каго ногі баляць, дае нейкія прымочкі.

— І вам даў?

— Даў. Такое зельле, што я яго і ня бачыў ніколі. Разам з каранямі Мачыць у гарэлцы і нагу выціраць... Я-ж, паверыш? — ледзьве на сані ўскаціўся, так мне баліць цяпер гэтая нага, аж тузае. Да сэрца боль даходзіць. Ужо каторы дзень. Горш стала, ліха яму. Я без валенкаў на двор ня выйду, укручваю яе суконкамі, у цяпле заўсёды гэтую нагу трымаю, а ўсё роўна нічога не памагае. Трымціць нейк, рве. Як-бы хто яе сьвярдзёлкам куціць. Што ты зробіш!

— А ляжаць ня пробавалі, каб гэта ў пасьцелі даць ёй спакою. Можа яна натруджана вельмі?

— Яно, можа, гэта і добра было-б, але ці гэта-ж чалавек улежыш? Жывы чалавек варушыцца павінен. От я ўжо думаю ў нядзелю ляжаць цэлы дзень. Пасьнедаю і лягу.