Старонка:Зямля (1928).pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гаматны на ёй ватовы, кароткі, чорны каптан і такая-ж гаматная цёплая хустка. Яна павярнула трохі твар да яго і спаткалася з яго вачыма. Бліснулі дзявочым агнём яе вочы, і зноў яна пачала глядзець на сьнег, захопленая роўным імчаньнем. Так моўчкі ўехалі ў вуліцу. Яна зьлезла каля Аляксандравае хаты. Алесь з Клемусем яшчэ праехалі раз па тэй-жа самай дарозе. Клемусь сьпяваў. Алесь быў яшчэ пад уладай радаснага ўражаньня ад нядаўнага спатканьня з дзяўчынаю. Нейкая, мала калі вядомая, нецярпялівасьць апаноўвала ім. Нэрвова чакаў, каб хутчэй ісьці з ёю разам.

Яна ня бавілася. Ён вышаў ёй насустрач, і яны пашлі. Ня вельмі лёгка ісьці было па неаб'ежджанай дарозе.

— Чаго ты сьпяшаеш так, Маня?

— Я не сьпяшаю. Можна павальней. Работы нагальнае дома няма.

— Што ты робіш цяпер?

— Праду. Буду кросны ставіць неўзабаве... Калі вечарам прыходзь, Алесь, гуляць.

— Калі?

— Хоць калі.

Педмерзлы сьнег рассыпаўся пад нагамі. Зялёны ядловец сіратліва спатыкаўся пры дарозе. Роўным было сьнежнае поле. Гаворка ня ішла лёгка.

— Раскажы што-небудзь, Алесь... Што ты робіш цяпер, чым займаешся?

— Ты раскажы.

— Што-ж мне пра сябе расказваць. Я-ж табе гаварыла—праду, кросны пастаўлю. На вячоркі хаджу, часам вечарынкі бываюць. Весела ў нас у Чучанох... у нас у Чучанох дзяўчаты прыгожыя.

Алесь глянуў на яе твар.