Старонка:Зямля (1928).pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты думаеш, я ня ведаю.

— Прыяжджай-жа хаця сюды часта.

— Буду прыяжджаць...

Узяліся за рукі і пашлі спацыраваць па дварэ і па прыгуменьні. Сонца хварэла блёклым сьвятлом.

Вашыновіч у кухні падышоў да каморніка:

— От вы, тымчасове, і зноў у нас.

Каморнік усьміхнуўся:

— Ненадоўга.

— Я-ж ведаю. Сягоньня паедзеце?

— Сягоньня.

— Чаго вы так сьпяшаеце. Пабылі-б трохі, пагулялі. Пагасьцілі-б у новых сваякоў. Я-ж Ганьне даводжуся дзядзькам. Можна сказаць, на маіх вачох выгадавалася.

Каморнік дастаў папяросы. Вашыновіч ня сьціхаў:

— Дзіўна нейк, калі падумаеш.

— Што?

— От усё... нейк на сьвеце, тымчасове, робіцца.

Каморнік глядзеў на яго.

— От мералі вы ў нас зямлю. Прыехалі бог вас ведае адкуль. Ніхто вас ня ведаў, і вы, сказаць, тымчасове, нікога ня ведалі. А гэта ўсе вас уведалі і вы ўсіх. Нават сваякамі парабіліся. Ганна з маёю дачкою таксама вельмі таварышкавалі заўсёды. Хаця-ж прыяжджайце ў наш бок часта... Можа некалі зноў давядзецца мераць тут што, дык мы-ж ужо адразу да вас, як да свайго чалавека. Наша дзела, тымчасове, гаспадарскае... Наша справа роўная, ціхая... Вы, тымчасове, надоўга асталяваліся ў нашым горадзе?

— Ня ведаю і сам добра.