Старонка:Зямля (1928).pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Доўга стаяў Юрка на змрочнай вуліцы, глядзеў, як прабіваліся скрозь хмары ружовыя істужкі захаду і баяўся ісьці ў хату.

XVІІ

Ніхто і не спадзяваўся, што ўсё гэта будзе так урачыста, і што столькі назьбіраецца гасьцей. Барановічыха пасьля гаварыла:

— Здавалася, што нікога і ня будзе. Ажно-ж — то сват, то брат, таго пазваць трэба, а таго не пазваць ня можна, дык яно, дзякуй богу, і назьбіралася цэлае застольле.

Былі ўсе сваякі. Быў і Вашыновіч з Вашыновічыхаю. Запрашаючы яго, Барановіч гаварыў:

— От тады, кумок, мы з табою пасварыліся трохі былі на вуліцы падвечар, то ліха яго бяры. Жывучы ўсё бывае.

Вашыновіч адказаў:

— Яно-ж гэтак. Жывучы ўсё бывае. Няхай нас, як той казаў, бог крые, навек, тымчасове, быць ворагамі.

— Барані божа.

— Я таксама такі чалавек.

— Дык от падыйдзі, кумок, з жонкаю.

І Вашыновіч прышоў, з жонкаю і з дачкою. Гасьцей назьбіралася поўна. Праўда, былі некаторыя нездаволены, што абыйходзіцца ўсё не палюдзку, без царкоўнага шлюбу і што ўсё гэта нават і да вясельля непадобна — толькі ўсяго і будзе, што паабедаюць, і маладыя зараз-жа паедуць. Але як выпілі, усё гэта пачало забывацца, засталіся, як вынік гэтага, гаворкі. Каб не пакрыўдзіць маладых, Вашыновіч не гаварыў выразна, што