Старонка:Зямля (1928).pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перад бацькам, бо ня мог узяць над ім верх. Голасна ўсё плакаў. Пасьля пачало шкода рабіцца новых, спляжаных у вадзе, ботаў. Падцягнуў вышэй халявы і пашоў сушэйшым месцам. І ўжо хацелася яму захварэць цяжка, мучыцца, лежачы ў пасьцелі. каб гэтая хвароба была якраз ад таго, што бацька біў яго. От ён будзе ляжаць хворы, пакутаваць, а бацька будзе ведаць, што гэта ад яго збойства. І будзе ўсё старацца як-небудзь загладзіць сваю вінаватасьць. Але ён, хворы, будзе адварочвацца ад яго. Ніводнага слова ня скажа яму. Пасыходзяцца людзі, будуць глядзець на ўсё гэта. Бацька будзе стаяць перад судом усіх, усе будуць гаварыць пра яго зьверскі ўчынак...

Недалёка было да вечару, калі ён зьявіўся каля свае хаты. Ціха прайшоў паўз весьніцы, глянуў у двор. Пуста было і ціха. Тады ён стаў на прызбу і паглядзеў у вакно. Тры сястрычкі яго гулялі ў хаце. Качалі па зямлі два перасьпелыя гарбузы. Большая трымала ў руках міску і нешта ела з яе вялікаю лыжкаю. Бацькі ня было відаць. Ён ціха ўвайшоў у двор і пакінуў, на ўсялякі выпадак, адчыненымі весьніцы. Пахла на дварэ карою і мокрым дрэвам. З двара глянуў яшчэ раз у вакно. Бацькі ня было. Увайшоў у сенцы і быў насуплены, як вожык. Адчыніў дзьверы ў хату і запытаў:

— Дзе бацька?

Большая сястрычка адказала:

— Панёс шчаціньне на места прадаваць.

— Аг-га.

Вышаў на двор і сеў на бервяне пад грушаю. Слухаў, як крычаць у агародзе вераб'і і як нудзіцца ў суседзяй цяля. Раптам пачуў—нехта застагнаў у хляве і нечым застукаў. Тады кінуўся ў хлеў, заскрыпеў дзьвярыма і ўбачыў: конь ляжаў на