Старонка:Зямля (1928).pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— От хадзіў... Шулы ў Хоні ўкопваў вароты ад вуліцы ставіць.

— Нішто зарабляеш?

— От, так сабе... Чорт яго...

— Чаго ты?

— Нядобра нейк. От, усё, здаецца, ішоў-бы некуды, а куды, дык чорт яго ведае. Нешта не сядзіцца мне на адным месцы.

— Куды-ж табе ісьці?

— Ды так то нікуды. Ні то што мне трэба куды, а так... Цягне.

— Гэта значыць — добра там, дзе нас няма?

— Не, ня тое.

— А што?

— От, так сабе. Што-ж, ні да чаго я ня прывязан тут, нікога, сказаць, і роднага няма. Каб гэта дзе будоўлю якую вялікаю разузнаў, дык адразу туды падаўся-б. Каб дзе вялікая работа адкрылася, дык тут-бы доўга не сядзеў-бы. Унь як мы на ўсе масты пасьля вайны рабілі, пасьля палякаў, дык я там цалюткае лета, восень і нават пачатак зімы перабыў. Тады нейк і жылося іначай. Сказаць, чаго тут мне лішняе ліпець на адным месцы.

— Ты, значыцца, намерыў падацца куды іначай ад нас? Ці як гэта?

— Ні то што намерыў, але ўсё нешта рупіць мне. Здаецца, што ня там я знаходжуся, дзе мне належыць быць... А ты-ж як, жаніцца будзеш?

Алесь успомніў сваю ранейшую гаворку з ім і сказаў:

— Буду.

— Скора?

— Як скора. Пэўна што не сягоньня.