Старонка:Зямля (1928).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дурная я, плачу няведама чаго... Расклеілася. Зьнемаглася я, сам бачыш... Эх, ты, ліха яго бяры... Нічога, ня думай, што я такая вельмі далікатная, кволлая... Колькі часу цяпер?

— Нічога, ты заспакойся. Грошай у цябе хапае на пражыцьцё?

— Пакуль што хапае... Ведаеш, ты куды пойдзеш ад мяне?

— Дадому.

— Ідзі да Ганны. Ты-ж сумуеш па ёй.

Ён памаўчаў і сказаў:

— Сумую.

— Мне думаецца, што яна ўжо забыла пра каморніка.

— Ласкі яе мне ня трэба.

— Ласкі? — ніколі! Ніколі нічые ласкі ня трэба. Але тут хіба-ж гэта ласка можа быць?

— Я сам ня ведаю, што ты гаворыш. Калі яна заплакала перада мною, я да яе не пайду.

— Наадварот, пайдзі, калі яна заплакала. Прыгалуб.

— Ня будзем больш пра гэта. Можа яно як аформіцца.

Сядзелі моўчкі. Яна была поплеч з ім.

— Ты каго кахаеш, Волька?

— Я-ж табе нейк гаварыла.

Зноў памаўчалі.

— Ціха як.

— Не надоўга гэта. У гаспадара за сьцяною дзіця заўсёды мне спаць не дае. Трэба дзе кватэру зьмяніць.

Алесь заўважыў: валасы ў Волькі прыгожа кучаравіліся над шыяй.

— Ты завіваеш валасы?

— Ніколі.