Старонка:Зямля (1928).pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Давай пройдзем па дварэ.

— Пройдзем... Паспацыруем?

— Давай.

Белы вечар быў цяплейшы за ўчарашні. Вуліца жыла гаворкамі і песьнямі. Абзывалася скрыпка. Прайшлі вуліцу і назад. Кончыліся канцавыя хаты. Прысады чарнелі голымі бярозамі.

— Як жывеш, Алесь?

— Нічога.

Здавалася, ім няма пра што гаварыць. Ішлі моўчкі.

— А ты як, Волька?

— Жыву.

— І я жыву.

— Як у цябе з Ганнаю?

— Ты-ж ведаеш.

— Таксама?

— Мусіць-жа.

— Каморнік-жа паехаў.

— Ну то што?

— А яна тут?.. Дома?..

— Дома. Што з гэтага.

— Ты ўжо забыўся яе?

— Не... Не забыўся.

— Ты выбачай, братка...

— Я вельмі рад гаварыць пра гэта з табою... Толькі з табою.

— ... Ты калі нудзіш па ёй — ідзі да яе. Той паехаў; а з дзяўчынай часамі гэта бывае... Часта гэта бывае ў яе гадох.

— Не, я да яе не пайду. Я не хачу навязвацца ёй.

— Не навязвайся, а дамагайся.

— Храбры рыцар, значыцца.

— Ты ня ведаеш дзявочае душы.