Старонка:Зямля (1928).pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выказвай, ну...

— Бо і выкажу. Тут гэта што от гаварылі пра гэтыя колектыўныя кухні, дык яно, гаворачы, можа і добра. Хто яго ведае. Але трэба адно падумаць, як яно будзе выходзіць.

— Чаму?

— А таму, што хто будзе бліжэй стаяць да гэтае кухні заўсёды лепшы кавалак сабе або сваяку дасьць.

— Нагледачы будуць, мусіць.

— Добры інтэрас, адзін будзе рабіць, а другі будзе наглядаць. Вельмі лёгкі хлеб мецьме.

— Ня гэтак.

— А як?

— А што-ж, добра і гэта, што ў кожнай хаце кожную раніцу на чалавек якіх пяць ці дзесяць варыцца? А там адзін на сотню і можа больш будзе варыць, а рэшта займацца нават гэтым будуць.

— Ну але, выдзеляць табе там, як галоднаму сабаку.

— Карысьць вялікая, што цяпер табе ніхто не выдзяляе.

— Не, гэтак ня будзе. От выдумляюць.

— Вядома, што лепш будзе. Ніхто нікому падкідаць горшага кавалка ня будзе, бо тады як-бы адна сям'я будзе.

— А як-жа зрабіць гэта?

— Як рабіць? На колектыўную гаспадарку перайсьці. Узяць от хатам дзесяці, ды злучыць разам у адно ўсю гаспадарку. Адзін будзе рабіць адно, другі—другое. І спорна будзе, і плодна, як той казаў.

— Гэта значыцца, побаку ўсё, што нажывалася за век. Адцурайся ўсяго.