Старонка:Зямля (1928).pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гаравала, небарака, — адказала Сабастыяніха.

Трэцяя жанчына дадала:

— Ня дай божа. Дзеці засталіся дробныя, як боб.

І ўвесь час, пакуль абмывалі, гаворка ня спынялася:

— Гэта ні то што, як у каго пасьля сьмерці дзеці застаюцца дарослыя...

— Унь як Паўліха памерла, дык там дзеці, як той казаў, у крапіву не папаўзуць, а гэта ня дзеці, а гарох.

— Дый гарох пры дарозе, хто ідзе, той і ўскубне.

— Ну, дзякаваць богу, бацька-ж застаўся, у крыўду не папусьціць.

— Ат, гэты бацька сам заўсёды ў крыўду падаецца. Хлеба кавалка на стале ня мае. Ужывуць небаракі-дзеці гора бяз маткі.

— Яе, небараку, жывот часта хватаў.

— Гэта яшчэ ад першага дзіцяці. Не сьцераглася...

— Бо ня было пры кім і пры чым вельмі тут сьцерагчыся...

— А ён-жа не спагадае... Дый што мужчына ведае вельмі ў гэтых справах... Яму што...

— Раз ажаніўся — павінен ведаць!

— Ён то павінен, але каб яны гэтак жылі, як эта ім у галаве. Унь Мацьвей, здаецца, нязграбны, няздатны нейкі, а да Каршуковае Настасі пробаваў даходжваць, пакуль людзі не пачалі гаварыць.

— Ну, а твой Юлік! Дарма што кульгавы і дачку пара замуж аддаваць...

— Ну, а твой Костусь!

— Ну, і мой Костусь. Я гэта сама скажу, мы суседкі, разам-жа і гадаваліся, расьлі разам, гулялі некалі... Тут між намі можна ўсё сказаць...