Старонка:Зямля (1928).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаго ты, Юрка, месца сабе ня знойдзеш? — сказаў Мікалай.

— Нічога.

Мікалай устаў з прызбы і вышаў на вуліцу.

— Дурны ты, малы.

— Чаму?

— Дурны ты, мала што, калі, каму, што забаліць. Маці паправіцца. Якая там хвароба. Яна-ж ходзіць і робіць усё. Ты-ж сам бачыш. Гэта-ж ня дзіва, што чалавеку забаліць што.

Юрка раптам кінуўся на вулічную прызбу і закалаціўся ад сьлёз.

— Чаго ты, дурны?

Мікалай падышоў да яго бліжэй

— Я ведаю, што яна доўга не пажыве.

— Адкуль ты дазнаўся... Выдумляеш.

— Яна пазаўчора вечарам у каморы плакала і гаварыла, а я чуў праз сьцяну, сплючы ў адрынцы.

— Каму яна гаварыла?

— Сама сабе.

— Выдумляеш ты.

Юрка сядзеў некалькі хвілін на прызьбе. Пасьля ўстаў, паглядзеў на Мікалая і пашоў вуліцаю. Мікалай застаўся адзін стаяць ля варот. Цямнела раптам. Мікалай пастаяў, пакуль Мацьвей не пашоў да Сабастыяна.

— Адзін ідзеш? — сказаў Мікалай.

— Адзін. Ёй няма як ад дзяцей.

— Чаму ты яе да доктара ня выправіш? Яна-ж нездарова!

— Няўжо-ж я яе ня пускаю? Можна падумаць што я азіят які.

— Дык ты яе выпраў.