Старонка:Зорным шляхам (1932).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

У ГАРАДЗКІМ САДЗЕ.

Дрэвы акутаны змрокам…
А неба поўна хмар…
Недзе ў алеі далёка
Мігціць адзінокі ліхтар…
Ціха…
Ціха навокал.
Каб нейкі крык, ці сьмех…
Лісьці нізка й высока
Сыплюцца, нібы сьнег…
Сумна шасьцяць, неахвоча…
Прысьніўся мне ізноў
Іх шопат у сінія ночы
На крыльлях зор — матылёў…
І ў сэрцы засьмяглі кветкі —
І ціха, ціха сьню
Адцьвіўшую няпрыметна
Цудоўную вясну.

1931.