Вуліцы! Вуліцы! Вуліцы! Тыя, што давалі мне рытм… Я хачу сягоньня рашчуліцца, Бо ўспомніў вас, быццам міт…
Доўга вас ня бачыў замкнёны, Доўга марыў, марыў я; Сьнілісь мне шумы і звоны, Паводка электрычнага сьвятла…
Сягоньня быў шчасьцем абліты я… Шчасьце — лебядзіны пух… Бачыў вулкі, калі з паліцыяй Шоў па бруку, скаваны ў ланцуг.
„Лукішкі“ 1929.