Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

першае зьдзіўленьне… Ужо ў Пецярбурзе відно будзе, у якім аспэкце выглядаюць апошнія навіны.

— Я, бач, еду з вёскі, — паведаміў Рыгор, — і толькі сёньня з газэт дазнаўся пра сараеўскі стрэл. Вёска зусім ня ў курсе, адкуль і што заставіла Прынцыпа страляць у аўстрыяцкага насьледніка.

— Так, зразумела, — супакоіўся Рыгораў сусед, — вёсцы цяжка разьбірацца ў пытаньнях міжнароднае політыкі… Наша вёска спаткаецца з ёю з аружжам у руках…

Рыгор зрабіў недаверлівую міну і, крыху памаўчаўшы, запытаў:

— Вы едзеце да Пецярбургу?

— Да Пецярбургу.

— Упяршыню?

— Мы пецярбурскія жыхары.

— Пецярбурскія жыхары? Якраз дарэчы. Тады я ўжо буду вас пільнавацца.


X

НОВЫ ДЗЕНЬ РЫГОР спаткаў пад настроем набліжэньня да Пецярбургу. Учарашнія навіны, ён дагадваўся, нарадзілі за ноч шмат сьвяжэйшых і, магчыма, болей складанейшых. Ён пазнаецца з імі ў Пецярбурзе.

Рыгор падняўся і стаў у акне вагона.

За акном сьвятлеў ясны пагодлівы ранак. Шырокая гала зялёных ніў, упярэмежку з даўгімі густымі лясамі, сьціскалі сьвежым паветрам бягучы цягнік. У душны яшчэ спакойлівы вагон ліліся пыльныя праменьні зыркага сонца. Трапляў густы вятрыска, асьвяжаючы сьпёртае паветра. Зелень блішчэла на сонцы, сьмяялася радаснай, ласкавай, суцешнай ухмылкаю. У мяккім калыханьні гэтае ўхмылкі расплываліся шэрыя сілуэты земляробаў і жывёлы.

Нідзе, ні на чым не заўважана было жадных прыкмет навіснуўшых над сьветам страшэнных прыгод. Нівошта не дапамінала пра іх, і таму Рыгорава нутро перапаўнялася пачуцьцём замілаваньня. У бліскучым праменьні сонца мігалі паўстаўшыя вобразы з яго сілцоўскага жыцьця: — Лужкі, Хвойнік, Масткі, знаёмыя палеткі і лясы. Няйначай, вось, гэта яны цягнуцца