Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Усё мястэчка, як у бубен б’е, гаворыць пра гэта… Трэба-ж было гэта дзіцячае мудрагельства…

Яна прычыніла дзьверы і шэптам даказала:

— Я не чакала гэтага ні ад Памыйкі, ні ад Галаса. Абое сур’ёзныя хлопцы, а дзіцячае спаганяюць… Вам трэба выгаварыць ім гэта, Рыгор Міхасевіч.

— Ды ўжо позна…

У адчыненае акно ветрык вагнаў густы струмень цёплага паветра. Ліба адсаплася і паглядзела ў двор.

Яна не пасьпела адыйсьці ад акна, як на ім мігам апынуўся прыгожы, у рудыя яблыкі, аблавухі сабака. Працягаючы на пакой сваю вострую морду з адвіслаю верхняй губой, ён умільнымі вачыма аглядаў Рыгорава жыльлё.

— Няхай ён прабяжыцца з вамі да Шульца.

— Калі ласка.


VII

ГУДОК МАЙСТЭРНІ спаткаў Рыгора пры выйсьці на вуліцу. «Няўжо я так спазьніўся?» — хапіўся ён і, каб праверыць сябе, паглядзеў на гадзіньнік: было без васьмі хвілін восем. Рыгор у падбежкі накіраваў да майстэрні.

Таварышы толькі-толькі падпяразвалі фартухі, калі ён пераступіў яе парог.

Шульца ў майстэрні ня было.

— Пачынаеш пазьніцца? — жартаўліва праказваў Памыйка.

— Як бачыш… А ты ўжо даўно тут?

— Пасьпеў фартух падперазаць.

Таварышы весела зарагаталі.

— На пажары застаяўся?

— Абавязкі пажарнага…

— Цікавыя абавязкі…

Рыгор намекліва маргнуў вачыма і паківаў галавою.

Памыйка зразумеў у чым справа і хацеў пасупярэчыць Рыгору. Шульц перабіў яго намеры.

Хлопцы ўзяліся за працу. Застукалі малаткі, зашоргалі пілы. Шульц разьдзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза.

У невялікай майстэрні адчувалася пэўная сур’ёзнасьць вялікага заводу. Прынамсі, Рыгору чамусьці асабліва прыемнымі былі рэзкія гукі малатка ў руках Памыйкі і аднастайныя ўспыхі