Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/508

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няхай жыве рэволюцыйнае паўстаньне!

Сьледам, ці хтосьці скомандаваў, ці грузавікі самі разьехаліся, пацягнуўшы за сабою ў два процілеглыя канцы нямоўчнае «гура!»

Поміж з воклікамі, што разьліваліся па крывых вуліцах, па іх скрыжаваньнях, на пляцох і заломах стальным клёкатам узбройненай радасьці тарашчэлі пераліўным россыпам стрэлы. Між аблітых сонцам будынкаў, дварамі і вузкімі шчылінамі яны плылі за грузавіком, то наганяючы яго, то перасякаючы дарогу.

Каля Мытнінскай вуліцы парадзеўшыя стрэлы, як кінуты на зямлю ланцуг, раптам змоўклі, каб праз хвіліну аднавіцца з-пад палаючага будынку ахранкі.

Пад заслонай чорнага дыму і языкоў полымя, што лізалі вокны і мураваныя карнізы шэра-зялёнага будынку, вецер расьцярушваў абгарэлыя дакуманты доўгагадовага змаганьня за надышоўшы дзень… Як блудлівыя цені, вакол гаручага дому шныпарылі якіясьці людзі, старанна зьнішчаючы ўцалелыя паперы.

Яны мігам зьніклі па глухіх задворках, за рагамі будынкаў, калі грузавік спыніўся, каб салютнымі стрэламі прывітаць палаючую ахранку.

На яго стрэлы з Кронверскага проспэкту паказалася дэмонстрацыя моладзі.

Яна разносіла вестку пра здачу Рэволюцыі Петрапаўлаўскай крэпасьці…

Прынесеная навіна затуліла сабою і клубкі дыму і нясьціхаючыя стрэлы і раптам вынікшы адкульсьці грузавік з хлебам, абложаны жанкамі, як мурашкамі.

— Няхай жыве рэволюцыя!

— Гу-ра-а-а-а! а-а-а-а!..


IX

ЛІБА МАТАЛА ЧЫРВОНЫМ СЬЦЯЖКОМ над голавамі гульлівай грамады і ня сьціхала кідаць палкія лёзунгі. Надарваны голас адбіваўся больлю ў яе горле, драньцьвелі ногі ад доўгае стойкі, прыціснутай да вострага рубу грузавіковай сьценкі. Але яна не патурала нічому, цалкам адданая ахапіўшаму яе натхненьню.