Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/506

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І калі прыгледзелася, то ў згруджанай кучы рабочых і салдат, якія шчыльна стаялі на грузавіку пад маленькім чырвоным сьцягам, яна разглядзела Пятруся.

— Дзе Рыгор?

Яго запытаньне зьнікла ў гучным вокліку:

— Няхай жыве рэволюцыя!

Ліба памкнулася да грузавіка, і ня згледзела, як некалькі здаровых рук узьнялі яе ўгору.

Грузавік памчаўся напрамкам да Тучкавага мосту, авеены нясьціханымі воклікамі «гура!»

Пры Лібе стаяў Пятрусь, апіраючыся на новую вінтоўку. У яго на руцэ акрэсьлівалася шырокая чырвоная павязка.

Чырвоныя-ж знакі — то ў выглядзе тых самых павязак на руках, то бантаў на грудзях, то пецелек на штыкох — зьвязвалі ў адно цэлае, вогненна-ўздымнае, усю купу рабочых, якія былі на грузавіку.

Ліба стаяла неаддзельнай адзінкаю лётнага атраду энтузіястаў-вястуноў, што расьсейвалі па абуджанай, растрывожанай сталіцы весткі новых дзён…

Яна захоплівалася баявою ўрачыстасьцю неперажытых падзей і чула, як яе істота дробіцца на малюткія частачкі ды сеецца ў ачырвоненым сонечным паветры нячуванага дня… Цяжар і колкая боль у нутры танулі ва ўзьнятым натхненьні.

— На Пецярбурскую старану! — абарвалі яе ўздым прыказныя воклікі суседзяў, у тым ліку і Пятруся.

Грузавік крута заламаў управа… Хто стаяў — калыхнуўся ўлева. І ў тую-ж хвіліну ўсе прыселі. З-пад мосту неслася страляніна. Рассыпчатая траскатня вінтовак разьлілася па асьнежаных барках, разьбеглася між плоту, адгукнулася ззаду, каля будынкаў першае лініі…

Некалькі блудлівых куль празьвінелі накрыж над іх галовамі… Некалькі ўдараў забразгацела па жалезных частках грузавіка…

У гэты момант Ліба ўгледзела, як з падножкі, унізе пад ёю, скаціўся на сьнег з вінтоўкаю ў руках малады салдат.

У залпавых стрэлах, што пасылалі з грузавіка, гучней іншых выдзеліўся стрэл падбітага ваякі. Яна нагнулася над біламі скрынкі, працягнуўшы рукі да параненага салдата, з твару якога глядзеў знаёмы вобраз Сроля Рэзьніка.