Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/497

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

наступам на паўдзённым фронце задзёр і патрыотычная кічлівасьць расплыліся ў надышоўшым зацішшы.

Уваход Румыніі ў вайну таксама не надоўга падагрэў раскалыханыя надзеі расійскай ваяўнічай буржуазіі, ваеншчыны ды адуранага мяшчанства. Штучна створаны настрой замёр помеж з сыстэматычнымі няўдачамі саюзьнікаў на Румынскім фронце. Патрыотычныя маніфэстацыі чыноўнікаў ды крамнікаў, генэральскіх жонак ды царкоўных служак, газэтны галас і ўся іншая бутафорыя падагрычнае радасьці няпрыемна расталі ў асеньніх туманох ды дажджох.

Тымчасам дажджы ды туманы зусім не хавалі сабою тых адзнак, якія выразна казалі за ўпартую стойкасьць даўно асуджанай на здачу ці на галодную сьмерць Нямеччыны. Газэты штодзенна нясьлі весткі пра жорсткія бойкі на заходнім фронце. Як і год назад, немцы не здаваліся пад націскам «славутых» саюзьнікаў. Разбураная Бэльгія і захопленая Польшча дзень-ата-дня бліжэй знаёміліся з адміністрацыйным прускім абцасам. Хутка з-пад яго выціснуўся фальшывы, ліцамерны акт пра незалежнасьць Польшчы. Акт грымнуў над галовамі саюзьнікаў не слабей саракадзьвухцалёвага знараду. На нейкі тэрмін ён заглушыў сабою гутаркі пра замірэньне, дробныя посьпехі румын і нават зацяжную ўпартасьць непаслушных грэкаў кінуцца ў вайну на баку саюзьнікаў.

У бясслаўным забыцьці ляжала нікчэмная, хлусьлівая дэклярацыя, даная той-жа Польшчы галоўнакомандуючым Мікалаем Мікалаевічам. Напісаная ў апартамантах царскіх палацаў, яна згубіла свой эфэкт у пакоях княгіні Патоцкай…

Царская міласьць, паабяцаная Польшчы ў пачатку вайны, ляжала ў архіве крывавае гісторыі. Незалежна ад яе, як і ў баку ад нямецкага акту, з грукату гармат ды з дыму пажараў вырастала самастойная белая панская Польшча. У заблытаным пераплёце падзей ёй спрыялі крывавыя ўмовы заклятае пары. Але ўсё тое, што зьвязвалася нараджэньнем буржуазнай Польшчы, танула ў прыкрай штодзеннасьці расійскай сапраўднасьці. Рыса франтавых акопаў, праведзеная да канца 1915 году, ляжала непарушна на тым-жа месцы. Яна мэрам-бы ўвайшла ў значэньне граніцы, перасунуць якую не хапала ні сілы, ні сродкаў, ні жаданьня.