Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/489

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Здаецца, вы жонка Рыгора Нязвычнага? — праказаў ён, падышоўшы да Лібы.

— Так… А вы?

Лібе ня трэба было чакаць яго адказу, — яна ўспомніла Камара і першаю прывіталася з ім.

— Як добра, што я вас сустрэў, — нэрвова ды расьсеена праказаў той.

— У чым справа?

— Вунь…

Камар абярнуўся да палаты, з якое падышоў да Лібы:

— Прывезьлі з фронту раненага ў голаў Артура Цьвібеля.

— Артура Цьвібеля?!

— Рыгор яго ведае… Ён працуе?

— Пайшоў.

— Давайце пазвонім яму на завод… Ранены наўрад ці выжыве да заўтрага…

Ліба порстка сарвалася з месца і пайшла з палаты. За ёю сьпяшыў Камар, а сьледам ляцелі зацяжныя глухія стогны Артура.

— Ліба Шлёмаўна, вам пара канчаць працу, — перабіў Камара ордынатар, выходзячы з конторы.

— Дзякую, доктар, я зараз… Там тэлефон вольны?

— Напэўна.

Яны да таго старанна шукалі патрэбнага нумару тэлефону, што зусім не заўважылі ні кінутага фэльчарам запытаньня, ні адказу на яго зазірнуўшага ў контору Рыгора.

Трэба было гучна выказаць Лібіна імя, каб яны адвярнуліся ад тэлефоннай кніжкі і нечакана для сябе ўгледзелі Рыгора.

— Рыго-ар? — схамянуўшыся, запытала Ліба і выпусьціла правую палавіну кніжкі…

— Ах, Ліба!.. Я-ж цябе прасіў!.. забылася?..

З Камаровых рук выпала кніжка і моцна бразнула разьлітай чарнільніцаю.

— Выбачайце! — павярнуўся ён да фэльчара, які нездаволена мармытаў па адрасе Камара.

— Залілі ўвесь стол, — як неасьцярожліва! — узьнятым тонам праказаў фэльчар.

Яго ня слухалі: Камар лічыў дастатковым аднаго слова, каб выкупіць віну за пралітае чарніла, а Ліба зусім не зважала