— Цікавыя ў цябе павароты… А я-ж думаў…
— Верне ад чыноўнікаў… Яшчэ ў дарозе думаў дваяка, а ступіў на пецярбурскі брук — пацягнула ў завод. Інстынкт рабочага… Толькі ня прымай на свой адрас, прашу цябе…
— Табе не агідна са мной ісьці?
Павал жартаваў, а Рыгор усё яшчэ знаходзіўся пад уражаньнем сутычкі з Берагам.
— Я, вось, сам яшчэ ў чыноўніцкіх портках, — знайшоўся Рыгор і абярнуўся назад.
Прабегшы конь супыніў яго на месцы.
— Ты што там дзіўнае ўгледзеў, — пацікавіўся Памыйка.
— Гэта цікавасьць… во тут сядзіць, — ён паказаў на правае плячо.
— Чаму? Як гэта?
— Паверыш, ужо доўга не адчуваў сябе падобна сёнешнему… Бачыш, надало ліха зьнянацку сустрэцца з чалавекам, ад якога верне… І як сустрэцца!.. Бррр… Вось ішоў на кватэру, а ў нутры мэрам хто разьліў банку дзёгцю. Моташна… Прыкра… Чадліва… І балюча…
— У чым справа?
Рыгор сплюнуў.
— У нас, бачыш, забастоўка да абеду… а мо’ і надаўжэй…
Дэмонстрацыйна выйшлі на вуліцу… Сутычка з поліцыяй і — нягодны! Адзін з поліцыянтаў — сілцоўскі абармот… І ў дадатак — пачастунак нагайкаю…
— Гм-м-м?! Ад яго?
— Табато і то…
— Спагадаю… Сапраўды прыкра… Усё-ж — ідзем…
— І гэткае пачуцьцё, што я не магу апамятацца… Няхай-бы… Ды што было рабіць, прыпёртаму да сьцяны? Кінуў камень, але ня ўцэліў…
— Пакінь хвалявацца… Хадзем…
Яны пайшлі ўсьцяж роўнае, шырокае лініі.
Нагрэтыя, як у печы, тротуарныя пліты, парылі ногі. Было цяжка і ўтомна ісьці. Лёгкі, чуць прыметны, але рэдкі і гарачы вятрыска не адганяў ад іх утомы.
Абое туліліся да сьцен будынкаў у скупую палоску цені, але і тут ня было як схавацца ад духаты.