Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/457

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Анікей пазваў рамізьніка.

— У Знаменскі готэль, — праказаў Рыгор: — Ну, а ты як? — запытаў ён Анікея.

— Гадзіне а пятай я буду ў вас, — паабяцаў той і пайшоў да трамвайнай спынкі.

— Раптам — вазьмі і папсуй настрой, — паскардзіўся Рыгор Лібе.

— А хто ў гэтым віною!.. Можа варта было-б забраць багаж?

— Куды-ж мы з ім у готэль?.. Ня згіне…

У далейшую іх гутарку ўварваўся шолам гарадзкога жыцьця. На першы ўзрок, як Рыгору, так і Лібе яно паказалася на многа інакшым ад ранейшага. З вуліцы, з будынкаў глядзелі сьляды заняпаду. Людзкі натоўп дапамінаў распорканы мурашнік. Кожны парыўна кідаўся ў бакі, раптоўна спыняўся, рызыкоўна перасякаў вуліцу. Кідалася ў вочы надмерная колькасьць салдат, кульгавых, аброслых, з распушчанымі шынэлямі, павязаных. На іх мэрам-бы не распаўсюджвалася тая нэрвовасьць, якая валадала цывільнымі, асабліва жанкамі.

На працягу аднаго кварталу Рыгор з Лібаю заўважылі і некалыкі доўгіх ланцугоў з жанок, якія гудзелі пад вокнамі крам, як чмялі. Пра гэта Рыгор ведаў яшчэ ў Менску, але рамізьнік пасьпяшыў разагрэць іх цікавасьць:

— Што дзень — дык болей! — Но-а-а! — кінуў ён праз плячо да Лібы: — Гонімся за Дарданэламі, а ў саміх есьці нечага. Падума-аць! Столькі часу ўбіваць за фунтам мяса ці цукру… Парадкі-ы!.. Нэ-е, ужо досыць, бачыце… Можна раз, два падараваць, але-ж гэтаму канца ня відаць… І чаму-у то людзі маўчаць?.. Рабочыя маўчаць, салдаты маўчаць… Няўжо-а ня ведаюць, што гэта іх маўчанка якраз на руку начальству?.. Га-а?.. У вас таксама?

— Свар-рач-чыва-ай! Куды-ы прэш-ш!

Рука гарадавога чуць-чуць ня ўперлася ў Рыгораў твар.

Круты паварот улева, які зрабіў рамізьнік, пераняў узьбегшую на язык лаянку, што Рыгор намерыўся кінуць яе поліцыянту.

— Вось гэта толькі і ведаюць, фараоны! — вылаяўся рамізьнік, раптам павярнуўшы направа. — Уздыхнуць вольна нельга…