Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/420

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Разьвітаўшыся, Рыгор падняўся за другі паверх і пазваніў.

Тоўстая, нізкая кабета адчыніла яму дзьверы.

— Сястра вас чакала-чакала і недзе выйшла… Дзе вы яе згубілі?..

— Яна даўно прыходзіла?

— З гадзіну таму… У вас ключ ёсьць? Праходзьце ў яе пакой…

Гаспадыня забегла Рыгору наперад і адамкнула Лібін пакой.

— Я вам прыстрою канапку… вось каля гэтае сьцяны… А можа сястра захоча ў сталовай пераначаваць? Тут ужо ваша справа — я не хачу, бачыце, пакрыўдзіць ніводнага… Вы стукніце мне?

— Добра…

Рыгор зачыніў за гаспадыняй дзьверы і падышоў да акна.

Пераплецены нечаканасьцямі дзень разрываў яго думкі на часткі. Менск адразу паварочваў яго настрой у другі бок — провінцыяльная заспакоенасьць немаведама дзе і дзелася. Насычаны прыфронтавай нэрвовасьцю, горад адбіваў у сваім жыцьці сударажны пульс акрываўленай краіны. У многалікіх стрэчах выразна выяўляўся яе лёс, выгнанай на вандроўку. Расьсееныя па сьвеце выгнанцы, аднак, ня кідалі надзеі парваць са знаёмымі месцамі. Яны шукалі сабе прытулку і апоры на коўзкіх скатах рубяжоў, абы можна было адчуваць пад нагамі атоптаны грунт. А далей — далей вострыя ўзрокі перасягалі франтавую мяжу і ласкалі душу непатухлаю вераю ў блізкае наступнае. Якім яно прыдзе? Што за песьні справодзіцьмуць яго прыход?

Цераз чорную рысу высокае камяніцы Рыгоравы ўзрокі ўліваліся ў чырвоны водбліск затуленага ёю сонца. У яго істоце бушавалі хвалі салодкага натхненьня…

Ён адчуваў сябе прывязаным да падлогі, і трэба было прагучэць стройнай песьні салдат, якія праходзілі вуліцаю, каб ён паварушыўся і адцягнуў думкі ад суворае сапраўднасьці.

Салдаты адпраўляліся на фронт, бо ішлі пры амуніцыі, нават з вінтоўкамі, у новых шынэлях. Іх песьня гучэла бадзёрымі напевамі з разухабістым зацягваньнем канцовых нотак. У зьлітнасьці людзкіх галасоў для большай зухаватасьці сьпеву ўліваліся вострыя сьвісты. Рытмічны тупат соцень салдацкіх ног падымаўся ўгору ад брудных каменьняў бруку і стукаў Рыгору ў вушы.