Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/416

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Офіцыяльная ўхмылка зьмянілася лісьліва-радасным сьмяшком, і сымпатычная падавальніца кокетліва адказала:

— Я вас ведаю па Смагіну… Ваш твар настолькі мне запамятаўся, што я вас пазнаю ўсюды і заўсёды…

— У Смагіне?! — зацікавіўся Рыгор.

— Так, калі памятаеце, на сходцы ў ляску… Здаецца, нават вы і прамову там казалі? Ці ў гэтым ужо мыляюся?..

— А ваша прозьвішча?

— Ды яно вам нічога ня скажа.

— Аднак, цікава ведаць…

— Злата Мельнік… Вы, зразумела, ня чулі… Вы кватэравалі ў Шлёмы карчмара… Яго дачка, Ліба, слаўная дзяўчына, зараз сястрою недзе ў Пецярбурзе…

Падавальніцу паклікалі на кухню:

— Выбачайце мяне, я на момант, — перапрасіла яна.

Белы фартух мігнуўся перад Рыгорам і схаваўся за дзьвярыма. Рыгор зацікаўлена глядзеў туды, дзе схавалася вяртлявая падавальніца. Тое, што яна сустракалася з ім на сходцы ў лесе, яго інтрыгавала. Было ясна, што Ліба яе ведае. Але-ж яна нічога яму пра гэта не сказала, праводзячы ў харчоўку. Лібе будзе навіна…

— А вы даўно ўжо як у Менску? — запытаў Рыгор настрэчу, толькі падавальніца выйшла з кухні.

— Каля году… Летась восеньню выехала з Смагіна… Пасьля пад’ехалі з бежанцамі мае бацькі…

— Вам-жа цяжка ў харчоўцы працаваць.

— А што-ж зрабіць, дзе-кольвечы працаваць трэба…

У харчоўку ўвайшло трое новых чалавек. Агледзеўшыся наўкола, яны занялі трэці ад іх столік. Рыгорава сагутарніца хутка ўзьнялася з месца і накіравала да наведвачаў. Другая падавальніца пераняла яе.

— Я за цябе падам, Злата…

Злата вярнулася ды Рыгора.

— Вас добра ведае мой муж…

— ?!

— Вы, напэўна, памятаеце Сімана Галаса?

— Вы жонка Сімана Галаса?!

— Трапілася, бачыце.

Злата весела зарагатала.

— Перадам яму ад вас уклон… — дадала яна.