Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/277

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як табе сказаць… Хто як глядзіць…

— У чым справа?

— А ты-ж хіба ня ведаеш, што яна памянула цябе добрым словам і…

— І што?

— І стала вернай жонкай Лукі Дарафеіча. Ха-ха-ха! Вось табе нумарок… Ня чуў? Ба-абы-ы! Ды і ты падкачаў, браце. Можна сказаць — з-пад рук выпусьціў гэткую дзяўчыну.

Паведамленьне Артура Цьвібеля, як яно ня было зьнянацкім, не зрабіла на Рыгора моцнага ўражаньня. Трагедыя Гэлі прытупіла яго пачуцьці і ў іх не знайшлося належнага водгуку на сьвежую, далёка ня прыемную навіну. Тым ня меней, Рыгор ня выпусьціў гэтага з-пад увагі і яшчэ болей ацяжыў сум свайго настрою.

— Ха-ха-ха! Што ў цябе за настрой. Упяршыню сустракаю. Ня хочаш, а трэба сьмяяцца. Кінь-жа, калі сапраўды!

Артур бачыў, што яго рэзвасьць ня ўплывае на Рыгора. І гэта яго занепакоіла.

— Ты сапраўды, як я бачу?..

Пад’ехаўшы трамвай не дазволіў Рыгору адказаць. Яны разьвіталіся і рассталіся.