Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рабы, абвіслы твар нагледача пакрыўся ўхмылкаю.

— Паверыш, Рыгор, мэрам-бы адчуваў, што ты прыдзеш сёньня. Толькі што вярнуўся з гулянкі і не пасьпеў аглянуцца, як чую вызаў… «Прыйшлі»… А якаво ў цябе з працаю? Усё на старой кватэры? А Ганна?.. Ну, ты паправіўся, я бачу…

— Меў ліст ад Сёмкі…

— Ёсьць навіны?

— Дзе іх зараз няма! Пажар быў у мястэчку.

— Пажар? І многа згарэла?

— Не адмячае… Рыма цябе не наведвала, часамі?

— Не. Чаму?

— Я думаў, што можа… Цудная, аднак, яна… Адзін раз, тады-ж во, як прынясла твой ліст, раптам ускіпела нечага і неўтрапёнай вылецела з майго пакою. І болей тыдня ня чуваць нічога…

— Што ты кажаш…

— Дзіўлюся сам. І ня прыйшла спаткацца?

— Ох, як я чакаў каторага з вас!.. Ведаеш, хоць-бы вестку хто даў — было-б спакайней, а то ні слова, ні гуку. Як-жа таварышы?

— Усё ў парадку, ну, а здароўе тваё як?

— Пакуль, як бачыш…

— Правішся…

Бязумоўны ківок рукі нагледача прымусіў Пятруся ўздрыгануцца. Ён пасьпешна зашавяліў губамі, але замест слоў абмежаваўся паўторным пацалункам з Рыгорам і разьвітальным поціскам яго рукі.

Сьледам наглядач разгарадзіў іх сваімі шырокімі плячыма. Толькі ледзьве ачулы шорпат Пятрусёвых крокаў данёсься да Рыгоравых вушэй. А праз хвіліну перад Рыгорам мільганула сопушная цем калідору, і ён павярнуўся да выйсьця.

Пятрусь адбіў яго ва ўстойнай нярухомай позе і нізашто ня мог ўявіць ягонае хады… Напэўна, старая, цьвёрдая ды ўвераная. Сам — нязьменны… Здаецца, застыглы ў акрэсьленых формах. Для Пятруся — які ён дарагі, які мілы, які блізкі! Цікава мець гэткага сябра!

Рыгораў прыход адвёў новую мяжу ў яго сядзеньні. Пятрусь пераняў ад яго бадзёрасьць, надзеі, веру. Пятрусь адчуў у ім жалезную стойкасьць і бясстрашны ўзрок у вочы сапраўднасьці.