Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грамада, чый гоман заглушылі аддаленыя стукі падкоў кавалергардзкіх коняй.

Рудольф пацягнуў Рыгора за рукаў і абое пайшлі ў бок Біржавога мосту. Калі яны апынуліся ля Васільлеўскага вострава супроць будынку Зоолёгічнага музэю, Рыгор спыніў Рудольфа.

— Я не нацешуся з гэтага вобразу! — паказаў ён на Няву.

— Прыгожы, нечага сказаць… І цікава, бачыш, вонь у тым ражку, направа, Трубяцкі бастыён, дзе, напэўна, і зараз сядзяць рэволюцыянэры, а наўскось, з другога боку — Зімнія палацы з каранаваным катам.

— Хвалі стукаюць у крапасную сьцену і ўсё не размываюць пакуль.

— Размыюць…

Яны яшчэ на некалькі хвілін спыніліся на эпізодах рэволюцыйнага змаганьня, пасьля пайшлі ўсьцяж Унівэрсытэцкае ўзьбярэжнае, да трамвайнай спынкі.

— А ты-ж куды думаеш ехаць? — пацікавіўся Рудольф.

— Я… як табе сказаць, да аднае свае знаёмае… Навіны вязу…

— Навіны?

— Так… надоечы арыштавалі нашага агульнага знаемага.

— Арыштавалі? Завошта?

— У скутку забастоўкі… Чытаў мо’?

— А то думаў — не?.. Так, цяпер з гэтым сьцеражыся-а…

— Дык вось…

Рыгор аглянуўся.

— Сам баюся… Прымаў удзел у сутычцы з поліцыяй на Ломанскім завулку…

— Ты? Ого! Дай руку…

— На Выбарскай старане ўзмоцненыя арышты, трухі, аблавы… А пападзіся — зьвяжуць з Смагіным, успомняць Рыгу — ты-ж ведаеш, чаго казаць…

Рудольф засьмяяўся.

— У Смагіне пра твой ад’езд — ні шушу… Нават мой бацька нідзе нічога ня чуў… Дзе ты, браток, бачыў, каб у гэткі час ты быў у станавога на вуме. Іншая рэч — Ломанскі завулак… Я такі і спадзяваўся, што ты ня мінеш гэтага. Адчуваў, калі ўпяршыню спаткаўся… Ну, мой бацька дагэтуль успамінае цябе — хоць і ня ведаў, што ты быў пад наглядам.

— Вітай, калі пісацьмеш…

— Бацька тут…