Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Не, ні за што не папушчуся, на сваём пастаўлю!» рашыў Мікола і тут-жа ўзьняўся з мейсца, павярнуўся да Зосі і вось-вось намерыўся штосьці сказаць, як раптам бразнулі дзьверы і вясёлы лепет Тэклі, убегшай у хату, спыніў яго і заставіў змаўчаць. За дзяўчынаю ўвайшла і Марта. Мікола абярнуў узрок да жонкі і таксама памкнуўся штосьці сказаць, але і тут асекся. Толькі матнуў галавою і сеў ізноў пры стале.

Марта нічога не западозрыла і ў сваю чаргу маўчала. Толькі адна Тэкля ня ўнімалася.

— Тата, га, тата, а заўтра хто павядзе каня? — запыталася яна.

Гэта Міколу зьмягчыла настрой: ён абярнуўся к дачушцы і ахвотна адказаў:

— Заўтра папросім Юзіка, а ты пагуляеш дома.

Маленькая Тэкля весела ўхмыльнулася і барджэй палезла за стол, прысела на каленях і пачала чакаць вячэры, перадаючы ўзрокі то ў мыцяльнік на мацеру, то на нудную, заклапочаную сястру. Больш яна ўзіралася на Зосю: ёй рабілася незразумелым, чаму такі сёньні, нядзеляй якраз, калі ўсе, каго яна ні бачыла на вуліцы і на рынку, такія вясёлыя, гаваркія, а Зося хмурная, жудлівая, маўчалівая? Хто яе пакрыўдзіў?

Тэклю так цікавіла гэта, што яна не магла змаўчаць, каб не праканацца. Падсунуўшыся блізка да Зосі, яна з асьцярогаю кранулася яе рукі і цішком прашаптала:

— Што з табою, Зоська?

Зося змаўчала, толькі ўкосным узракам кінула на сястрыцу ды зноў зрабіла нудную міну. З гэтага Тэкля выявіла, што Зося пэўна і на яе сердзіцца, і задумалася: сваім дзіцячым розумам яна не магла дайсьці, за што-б на яе Зося так моцна злавала, што і гаварыць нават ня хоча? «Здаецца — прыпамінала яна — я ёй сёньні нічога такога не зрабіла, нават слова брыдкага не сказала. Няўжо яна бяз прычыны? Дык чаму-ж бяз прычыны?»

Ёй стала горна і крыўдна; адсунуўшыся ад Зосі, Тэкля плаксіва праказала:

— Дык чаго-ж ты на мяне злуеш? Што я табе зрабіла?

— Не чапай мяне, — агрызнулася Зося.

— А яй-яй! Пані гэткая! і аказацца нельга! — і маленькімі кулачкамі Тэкля выцярла ў сініх вочках заблісьцеўшыя сьлёзы.