Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Марта ня раз чула ад Зосі, што яна не ўважае Васіля нізваньня і нават слухаць ня хоча аб ім, калі толькі не напомні. Колькі раз было, што Марта старалася разуверыць дачку, але нічога не памагала; ёй думалася (бач, толькі гэтым суцяшала сама сябе Марта), што дачка капырсьніцца толькі датуль, покуль справа не пастаўлена на сур’ёз, што далей можна будзе яе ўгаманіць, але ўсё-ткі Рыгора лічыла вялікаю стрэмкаю. Падумаўшы крыху, яна абярнулася да Міколы:

— Ну, а што ты з ёю парадзіш, калі яна ўпнецца і не захоча ісьці за Васіля ды і годзі?

— Я? Я?І!. што зраблю я? — злосна вырачыўся Мікола: — Што я зраблю з ёю?.. Ты ўжо, галубка, мяне не навучыш таму, я сам добра знаю, што з ёю зрабіць, знаю… А пакуль тое зраблю, то найперш, як ты, так і яна, не забывайце таго, што я ёсьць гаспадар у хаце, твой гаспадар і яе бацька; глаўнае — яе бацька… А з гэтага ясна, што толькі я павінен кіраваць усім… Ці-ж то можна, каб мяне ды не паслухала маё дзіцё? Каб мае, яе бацькі, волі ды я ня мог праявіць над сваім дзіцём? Што-б то тады было-б! Хоць бяры ды ідзі тапіцца… О, не! Я ўжо даўно рашыў, што покуль буду жыў — буду цьвёрда стаяць на сваём…

К канцу гутаркі Мікола так падняў голас, што выходзіла не гаворка, а крык: быццам-бы ён ня з жонкаю радзіўся аб сваёй дачцы, а сварыўся з шальмоўскім гандляром, які ашукаў яго на цэлую сотню рублёў. За гэта казала і тая сур’ёзнасьць, якою агарнуўся яго твар: падняліся к верху бровы, зморшчыўся лоб, запыхалі агнём вочы, заскіжаталі зубы, а за ўсім — стук кулака праводзіў усё гэта.

Круты нораў Прыдатных Марце за дваццаць два гады яе замуства за Міколам быў добра ведам; ніводная маршчынка на лбу, ніводная ўхмылка ў куткох мужавых губ ня былі ёй незразумелымі. Вось і на гэты раз Марта змаўчала — хоць не ад таго, каб збаялася гаспадара, ці засердавала на яго, а з-за таго, што ёй стала цёмна і глуха блізкае наступнае сям’і. Дагэтуль усё йшло, як па масьле, як і трэба было, а тут разам, ні адтуль, ні адсюль, пачаў у яе думках завязвацца цесны і блытаны вузел і яе, хітрую і пранозаватаю кабету, казлытаць-мучыць нейкім трывожным сумненьнем і нагальным запытаньнем: «Усё-ўсё праз Зосю! І так неўспадзеўкі! Сваё дзіця і столькі клопату! Зося-ж ня хоча, а ён настане, што-ж тады будзе?»

Марта, як маці, глыбей і мацней за Міколу любіла дачку,