Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бегала заварожлівая ўхмылка; Пятрусь ня мог адарвацца, дый годзі, уталопіўшыся ў красуню.

— Адкуль-жа, лыцар, клыпаеш?

— А на што ведаць?

— Не, па-праўдзе, скажы, Пятрусю, — ужо сур’ёзней папрасіла Зося.

— Ад Сымонавай Аўдоцьці, — пасьмяяўся Пятрусь.

— Ой, глядзі, скажу Гэлі, то будзе перцу.

— Не баюся!

— Ды ты ўсё хлусіш?

— А ты вельмі хочаш знаць?

— Вельмі.

— Ну, дык скажу: быў У Рыгора, у Стэпінавага Рыгора, — з прыціскам на слове «Рыгор», адказаў Пятрусь і пачаў сачыць за Зосіным тварам. Ён заўважыў, як Зося, пачуўшы гэта, раптоўна зьмянілася: украдкай зірнуўшы на ўсю пору сьмяхлівую мацеру, яна ўздрыганула ад радасьці і ні то з цікавасьцю, ні то міжвольна вымавіла:

— Прыехаў?!

— Прыехаў.

— Рыгор прыехаў, ты кажаш? — у сваю чаргу запытала Марта.

— А, мусіць, Рыгор! — спакойна адпавеў Пятрусь.

— У госьці, ці назусім?

— Жаніцца: думае к вам у сваты прыйсьці, — пажартаваў Пятрусь.

— А, няхай ты залядзейся, няхай, як у цябе ніколі нічога не дапытацца, — таўхнуўшы яго ў плечы кулаком, пракрычала Марта і за нечым выбегла ў сенцы.

Ды і Зосі Пятрусёў жарт прышоўся не панутру: яна ні то засаромілася мацеры, ні то ўспомніла апошняе наведваньне Васіля, і кінуўшы галавою, адхілілася к вакну.

Пятрусь пацяў плячыма: сказаныя словы яго нічуткі ня смуцілі, і ён ні каліва ня каяўся, што іх сказаў.

Карыстаючы на хвілю запанаваўшаю ў хаце сьцішшу, ён некалькі раз прайшоўся па хаце і прасьвістаў матыў «Варшавянкі».

— А, ты ўжо сьвістаць, чарцяка! — адчыняючы дзьверы ўшчунула яго Марта, махаючы закасанымі па локаць рукамі.