Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кацца, калі яго сын вывучыцца літары: ліхая хвароба падсачыла яго, прыліпла к нядушламу целу, улезла ў яго нутро і панавала датуль, пакуль не зьвяла яго ў магілу.

Стэпа любіла свайго мужа, моцна-моцна плакала па ём і з-за вялікай увагі да яго дала сабе зарок ня выходзіць другі раз замуж, а ўсё жыцьцё аддаць на гадаваньне Рыгора. Праўда, калі мінула гадоў со тры пасьля сьмерці Міхася, Стэпа, пражыўшы гэты тэрмін удавою, многа паспытала гора, добра праканалася, што знача жыць аднэй ды яшчэ і дзіця гадаваць. Цяжкія варункі жыцьця вымушалі яе шукаць якіх-кольвек падпорак ля далейшага валтузаньня з жыцьцём, застаўлялі забываць аб зароку і наводзілі на іншыя думкі: «Чаму-ж ня выйсьці і замуж?» разважала яна: «Я яго любіла, покуль ён быў жывы, покуль было каго любіць… Міхася няма, а я ўсё-ткі жыву і хочацца жыць, як і ўсім людзям, хочацца радасьці, як і другім; бо я гэткі самы чалавек, гэткае стварэньне як і іншыя… Ды і сына выгадаваць лягчэй будзе».

Гэтыя думкі з кожным часам усё больш і больш яе чмуцілі, пільней і нагальней лезьлі ў галаву, і хаценьне расло. Толькі доля стала наперакор яе жаданьням: пара мінала, час праходзіў, а к Стэпе, яшчэ ня зусім старой тады і здаровай кабеце, ніхто не сватаўся, быццам-бы і ня ведаў, што яна ўдава, і ёй трэба было мірыцца са сваім палажэньнем. Яна старэла і мірылася. Павінна была мірыцца, хоць гэта яе зьмірэньне многа прыносіла ёй гора і многа сьлёз з яе выточвала! Стэпа старэла, жыцьцё даражэла, заработкаў рабілася менш і менш, а жыць — жыць было трэба… І яна ўставала да сонца, зімою хадзіла да багатых мяшчан мыць падлогу, цёрці лён, а вечарам — прасьці; летам наймалася ўвагул жаць, капаць картоплі.

Доўгія дні, а часта засаб і ночы прастойвала яна за працаю, не адгінаючы сьпіны, перакусіўшы нішчымнага хлеба; потым канчала работу і па дарозе да хаты забягала ў казённы лес, зьбірала там ламачайка ды галяйко і цягнула на плячах да хаты. Прыходзіла змардваная, змучаная, засопшыся, з рагамі поту на жоўтым маршчыністым твары; Рыгор спатыкаў яе ля вугла хаты, галодным, недагледжаным, і бяз конца быў рад, калі яна прыносіла яму маленькі кавалачак сітніцы, купленай па дарозе з лесу ў Міхлі.

Потым Рыгору збылося дзесяць год; ён вырас і стаў годзен ў пастухі. Чаму-ж не аддаць яго на службу? І Стэпа засаб пяць